Вадзім Кабанчук падчас наведваньня Вільні пагутарыў з карэспандэнтам Свабоды. Поўную вэрсію размовы глядзіце на нашым ютубе-канале.
«Нам трэба правесьці дэакупацыю Беларусі»
— Полк Каліноўскага доўга трымаўся ўбаку ад палітычных працэсаў, але цягам апошніх месяцаў сытуацыя зьмянілася. Чаму?
— Бо мы ўсьведамляем маштаб задач, які стаіць перад палком Каліноўскага і нацыянальна-вызвольнымі сіламі. Фактычна, нам трэба правесьці апэрацыю па дэакупацыі Беларусі як ад унутранага рэжыму, так і ад расейскіх акупантаў. Каб гэта пасьпяхова зьдзейсьніць, нам патрэбны кантакты на палітычным узроўні, інфармацыйным, дыпляматычным. Так склалася, што зь нейкіх прычын Украіна не ідзе на шчыльныя кантакты зь іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітыкамі. У нас жа досыць нармальныя адносіны з кіраўніцтвам Украіны.
— Кіраўніцтва Ўкраіны — гэта хто маецца на ўвазе?
— Вайскова-палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны. Мы не праходзілі ніякіх кастынгаў, і тэорый змовы тут няма. Украінцы проста кажуць: «Хлопцы, вы паказалі на справе, што з вамі можна працаваць і давяраць». Было шмат размоваў, чаму яны ня хочуць працаваць зь іншымі, шмат было адказаў, але часьцей за ўсё гучала, што мы ня бачым ад іх вынікаў, апроч замежных паездак.
— Чаму ў якасьці хаўрусьніка выбралі «Кібэрпартызанаў»?
— Гэта адна зь нешматлікіх структур, якая працуе ў полі, як і мы. Цяпер у кожнай арміі ёсьць свае кібэраддзелы, нешта падобнае мы робім і ў палку Каліноўскага.
«Адзін баец пайшоў у заклад на 500 адцісканьняў і прайграў»
— З Пазьняком таксама будзе стратэгічнае супрацоўніцтва?
— Зь Зянонам Станіслававічам ініцыятыва па стварэньні вайскова-палітычнага суб’екта, гэта будзе адасоблена ад палка. «Рада бясьпекі» наша назва. Полк будзе заставацца часткай пры УСУ і будзе выконваць уласьцівыя сабе функцыі. У нас даўно была ідэя ствараць такі палітычны суб’ект. Нельга сказаць, што ён ужо створаны; вядуцца кансультацыі. Што тычыцца Пазьняка, то ён нам блізкі, бо на працягу дзесяцігодзьдзяў ягоная рыторыка не зьмяняецца. Ён як стаў на нацыянальна-патрыятычных пазыцыях, так і стаіць. Ён адзіны палітык, які заклікаў да ўзброенага супраціву, стварэньня партызанскіх атрадаў. Гэта вельмі блізка нашым хлопцам.
— Як адрэагавалі беларускія байцы на прыезд Пазьняка ў Бахмут?
— Большасьць не чакала яго там пабачыць, бо мы захоўвалі візыт у тайне. Сытуацыя ж там ня самая простая. Быў такі кур’ёзны выпадак, двое паспрачаліся, ці прыедзе да іх Пазьняк у Бахмут. У выніку адзін баец прайграў 500 адцісканьняў. Безумоўна, натхніліся. Мне цікава было назіраць за іх дыялёгамі, ніякага нэгатыву ў бок Пазьняка я ня ўбачыў. Пабачыць нацыянальнага дзеяча ў такіх незвычайных умовах — гэта вялікі плюс. Пазьняка памятаюць ва Ўкраіне яшчэ ад тых часоў, калі ён сябраваў з Чарнаволам (Вячаслаў Чарнавол, лідэр нацыянальнага ўкраінскага руху пачатку 90-х, загінуў у 1999 годзе ў аўтамабільнай аварыі. — РС).
«Мы будзем сустракацца з усімі, хто нам дапамагае»
— Калі б Сьвятлана Ціханоўская прыехала ва Ўкраіну, ці прыняў бы полк Каліноўскага яе ў сябе?
— Я ня ведаю, як увесь полк, але людзі са штабу сустрэліся б зь ёй абавязкова. Справа ў тым, што нашы падразьдзяленьні раскіданыя па Ўкраіне, мы ж не сядзім усе ў Кіеве. У сакавіку 2022-га была сустрэча з прадстаўнікам офісу Ціханоўскай і пазьней былі нейкія кансультацыі. Мы будзем сустракацца з усімі, хто дапамагае нам стаць мацнейшымі і расьці. Справа ў тым, што калі мы ня скінем рэжым, то можам страціць краіну. Не час драбіцца: давайце станем пераможцамі, а ўжо потым будзем ствараць нейкія свае кааліцыі. Як у 1996 годзе, калі для імпічмэнту (Лукашэнку. — РС) аб’ядналіся і камуністы, і лібэралы, і нацыяналісты.
— Чаму не атрымліваецца супрацоўніцтва палка Каліноўскага Валера Сахашчыка?
— Я ня буду гэта цяпер камэнтаваць.
— Сёньня полк імя Каліноўскага — найперш баявая адзінка ці палітычны суб’ект?
— І так, і так. Вайна — гэта працяг палітыкі, толькі іншыя сродкі. Украінцы бачаць у нас будучую кіроўную эліту Беларусі. Мы не прэтэндуем на захоп улады, але ўкраінцы нас успрымаюць як тых, з кім магчымы дыялёг у будучыні. Справа ў тым, што ўкраінцы вельмі кепска ведаюць Беларусь, як і беларусы Ўкраіну. Ім патрэбны прагназаваныя дзеяньні. Ніхто ня можа пакуль прадказаць, як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі. Але калі ўкраінцы нам дапамогуць у вырашэньні ўнутранай сытуацыі ў краіне, то ім трэба ведаць, што мы ня пойдзем на перамовы з Крамлём.
«Пасьля харкаўскага наступу міліцыянты сядзелі на трывожных чамаданчыках»
— Яшчэ ў пачатку буйнамаштабнай вайны было паведамленьне, што ў палку выявілі некалькіх супрацоўнікаў спэцслужбаў. Ці былі такія спробы пазьней?
— Спробы закінуць да нас нейкіх людзей ідуць пастаянна. Супраць нас, думаю, працуюць цэлыя аддзелы, якія думаюць, як нашкодзіць. Нам вельмі дапамагаюць тут «Кібэрпартызаны», а таксама ўкраінская контравыведка. Ніякай вялікай шкоды яны (беларускія спэцслужбы. — РС) нам зрабіць ня могуць.
— Ці маеце вы плян вызваленьня Беларусі?
— Мы пра гэта думаем. І ідзе прапрацоўваньне нейкіх элемэнтаў. Мы ведаем толькі, што павінна быць некалькі крытэраў для вызваленьня: ці аслабленьне Расеі, ці поўная перамога Ўкраіны ў вайне. Гэта прывядзе да чарговай смуты ў Расеі, у іх ня будзе сілаў дапамагаць Лукашэнку, як у 2020 годзе. Я ведаю, як некаторыя міліцыянты адрэагавалі на харкаўскі наступ увосень 2022 году: яны проста сабралі «трывожныя чамаданчыкі» і чакалі. І гэта дзе Харкаў, дзе Беларусь. Яны пабягуць, як «тарганы», як гавораць украінцы (прусакі. — РС). Зь ідэяй вызваленьня Беларусі і сабралася большасьць у нашым палку.
«У фэйсбуку занадта гіпэрбалізуюць сваркі»
— Неўзабаве будзе год, як быў утвораны батальён Каліноўскага (цяпер полк). Чаму так шмат скандалаў суправаджаюць яго дзейнасьць?
— Гэтыя скандалы толькі ў інтэрпрэтацыі СМІ і карыстальнікаў сацсетак. Гэта вялікі мужчынскі калектыў, людзі жывуць у надзвычайных умовах, стрэс, узьнікаюць нейкія «цёркі». Мяне добра зразумеюць людзі, якія жылі ў студэнцкіх інтэрнатах. Але ў фэйсбуку занадта гіпэрбалізуюць гэтыя сваркі, ва ўкраінскіх батальёнах бы на такое нават ніхто не зьвярнуў увагі. Гэта нармальны працэс для добраахвотнікаў.
— У палку Каліноўскага людзі абсалютна розных палітычных поглядаў: і прыхільнікі Ціханоўскай, і пазьнякоўцы, і правыя, і левыя, і вернікі, і атэісты. Як атрымліваецца іх усіх аб’яднаць?
— Гэта такі фэномэн. Людзі разумеюць прыярытэты. Галоўнае для нас тое, што нашы ворагі — Расейская Фэдэрацыя і сатэліт Расеі Лукашэнка. Пасьля перамогі можна будзе ўжо дзяліцца на нейкія лягеры. Цяпер гаварыць пра палітыку ў Беларусі не выпадае. Адмысловых размоваў ніхто зь іх не праводзіў, хіба што жартам пытаемся, за каго галасавалі ці будуць галасаваць нашы байцы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.