Франак Вячорка адказвае на пытаньне, калі амэрыканскі прэзыдэнт прыедзе ў Менск, а таксама тлумачыць, што такое гібрыдная акупацыя Беларусі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы
«Нам не хапае ў прамовах, выступах, у заявах згадкі Беларусі»
— Найперш я хацела б пагаварыць пра неабвешчаны візыт прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў ваенны Кіеў. Калі прэзыдэнт ЗША ўшаноўваў памяць абаронцаў Украіны, у Кіеве гучала сырэна паветранай трывогі, якая была абвешчаная праз актыўнасьць расейскай авіяцыі на тэрыторыі Беларусі. Які можа быць іншы беларускі кантэкст гэтага вельмі важнага і сымбалічнага візыту?
— Візыт унікальны і беспрэцэдэнтны. Ня памятаю, каб амэрыканскі прэзыдэнт наведваў сталіцу іншай ваюючай краіны ў разгар баявых дзеяньняў. Для Беларусі гэта мае нейкія плюсы — з аднаго боку, прыцягваньне ўвагі да рэгіёну таксама надае важнасьць Беларусі. Зь іншага боку, нам не хапае ў прамовах, выступах, у заявах згадкі Беларусі. Размова ідзе пра дапамогу Ўкраіне, пра супрацьдзеяньне Расеі, але нам усё роўна не ўдаецца паставіць Беларусь на парадак дня гэтых дэбатаў, сустрэчаў, каб яе разглядалі асобна ад Расеі, і яна паціху сыходзіць з тэмаў абмеркаваньня. І таму візыт на Мюнхэнскую канфэрэнцыю — своеасаблівая магчымасьць вярнуць Беларусь у хаду дыскусіі.
— Мяркуючы па тым, што перадаюць агенцтвы, тэма Беларусі не прагучала ў публічных заявах падчас перамоваў Байдэна і Зяленскага. З таго, што ня выйшла ў публічную прастору, не было агучана СМІ, — як вы думаеце, у якім кантэксьце магла гучаць тэма Беларусі?
— Мы ня ведаем. Я назіраю, як адбываюцца сустрэчы Ціханоўскай і Шольца, Макрона, Джонсана. Звычайна абгаворваюць базавыя рэчы, прыярытэты. Напрыклад, падтрымка важная, санкцыі важныя, прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу. Гэта ўсё запісваюць каманды, і потым на рабочым узроўні працягваюцца перапіскі па канкрэтных дэталях. Тое самае з танкамі. Байдэн кажа, што мы дамовіліся зь Зяленскім пра павелічэньне вайсковай падтрымкі, і зараз уступаюць у працу міністэрствы абароны, якія дамаўляюцца пра канкрэтныя пастаўкі канкрэтнага ўзбраеньня. З аднаго боку, можа быць кепска, што тэма Беларусі не прагучала, зь іншага — можа быць добра, таму што ў размовах з украінцамі Беларусь гучыць звычайна як агрэсар, якога трэба ізаляваць і пакараць. Паколькі мы спрабуем Беларусь аддзяліць ад Расеі, каб ня клалі ў адзін кошык з Расеяй, нам гэтая нязгадка дапамагае.
«На прамову Байдэна ў Варшаве запрасілі прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінэту»
— На якім узроўні і па якіх пытаньнях цяпер адбываюцца кантакты ЗША з афіцыйным Менскам і з дэмакратычнымі сіламі Беларусі?
— З дэмакратычнымі сіламі ў нас ёсьць кантакт на ўзроўні кіраўніцтва Дзярждэпартамэнту ЗША. Гэта намесьнікі дзяржсакратара, памочнікі намесьнікаў дзяржсакратара. У Вільні працуе амэрыканская амбасада, унутры якой ёсьць беларускі юніт, супрацоўнікі, які пераехалі ў Вільню зь Менску. Мы кантактуем, у тым ліку і ў кантэксьце візыту Байдэна ў Варшаву. На прамову запрасілі прадстаўнікоў Абʼяднанага пераходнага кабінэту, таму таксама будзе беларуская дэлегацыя сустракаць Байдэна ў Варшаве, што мае вялікае значэньне.
Мы рыхтуем візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе будзе адбывацца канфэрэнцыя Каліноўскага. Удзел у ёй пацьвердзілі і Нэнсі Пэлосі, і кіраўнікі амэрыканскага Кангрэсу. Візыт будзе пабудаваны вакол даты 25 сакавіка, гэта добрая магчымасьць нагадаць пра праблему беларускай незалежнасьці.
«Мы ня хочам, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна нават пасьля перамогі Ўкраіны»
— У 2011 годзе былі ўведзеныя кропкавыя эканамічныя санкцыі з боку ЗША, пасьля гэтага Лукашэнка пачаў вызваляць палітвязьняў. Цяпер маштаб іншы, і цана пытаньня іншая. Чаму не працуюць санкцыі ў справе вызваленьня палітвязьняў? Якія маюць быць санкцыі, каб гэта спрацавала?
— Я думаю, што калі б не было вайны, калі б быў іншы кантэкст, санкцыі б ужо спрацавалі, і ўжо б вызвалілі калі ня ўсіх, то вялікую частку палітвязьняў. Але Расея адыграла стрымліваючую для Лукашэнкі ролю, ён стаўся закладнікам сваёй прарасейскай палітыкі... Разумее, што масты спаленыя і гуляць у палітычны маятнік не атрымліваецца, таму ён спрабуе захаваць статус-кво любой цаной, не рызыкаваць. Раскручаны махавік рэпрэсій, ніякіх кантактаў з Захадам, максымальная дэманстрацыя ляяльнасьці Пуціну — гэта тое, што прынамсі два гады працуе...
Мы ўсе, уся краіна ў закладніках вайны, у закладніках Расеі. Мы можам спрыяць, мы можам уплываць на нейкія фактары, але ня ўсё залежыць ад нас цяпер. Самі зьмены залежаць ад волі беларускага народу, але зьнешнія фактары і іх роля становяцца большымі. Таму міжнародная дзейнасьць, якую мы праводзім, вельмі важная. Калі мы ня хочам, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна нават пасьля перамогі Ўкраіны, а такая імавернасьць ёсьць, нам вельмі важна субʼектнасьць пастаянна абазначаць.
«Беларусь перажывае гібрыдную акупацыю»
— Я хацела б перайсьці да падсумаваньня вынікаў сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай і яе каманды падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі. Іх колькасьць і ўзровень моцна ўражваюць — кіраўнікі дзяржаваў і міжнародных арганізацый, уплывовыя палітыкі, Джордж Сорас, кіраўніцтва Google і Youtube. За 29 гадоў кіраваньня Аляксандар Лукашэнка дакладна ня меў такой колькасьці сустрэчаў з заходнімі палітыкамі, як Сьвятлана за некалькі дзён. Як бы вы сфармулявалі самыя галоўныя вынікі для Беларусі ад гэтых сустрэчаў?
— Важна, што Ціханоўская агучыла пазыцыю аб выхадзе Беларусі з АДКБ і саюзнай дзяржавы. Аказваецца, ня ўсе на Захадзе разумеюць, што гэта неабходна. Для многіх на Захадзе Беларусь — гэта частка расейскага сьвету, і ім чамусьці здаецца, што Беларусі нармальна быць з Расеяй у адной камандзе. І ўпершыню на Мюнхэнскай канфэрэнцыі прагучала геапалітычная роля і напрамак Беларусі.
Другі важны момант — кааліцыя. Мы маем 5–6 кандыдатаў, якія могуць ініцыяваць працу па стварэньні міжнароднай кааліцыі «За дэмакратычную, незалежную Беларусь». Мы хацелі б, каб там былі краіны з розных частак Эўропы...
Ёсьць прагрэс з пашпартамі. Ёсьць ахвота, але часам палітычная воля натыкаецца на юрыдычны аддзел, і многія рэчы, падаецца, палітыкі могуць хутка вырашыць, а потым юрысты кажуць, што гэта немагчыма. Таму наперадзе шмат працы на рабочым узроўні.
Што да сустрэчы з Шольцам. Ягоная адміністрацыя зараз дыскутуе пра новую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі. Мы б хацелі ўзяць у гэтым больш актыўны ўдзел, каб Нямеччына больш праактыўную пазыцыю займала. Яна ў дачыненьні да Ўкраіны яшчэ паўгода таму была вельмі асьцярожная, але колькі адбылося за паўгода з вайсковай дапамогай ад Нямеччыны. Нам трэба не «Леапарды», а хутчэй міжнароднае лабіяваньне, каб Нямеччына больш актыўна выступала за Беларусь і абазначала, што Беларусь павінна быць незалежнай, а расейскія войскі павінны быць выведзеныя.
— Які асноўны мэсыдж спрабуе данесьці Ціханоўская падчас сустрэчаў на высокім узроўні?
— Кожная сустрэча праходзіць па-рознаму, але ёсьць адна лінія, якую яна паўтарае заўжды. Вайна ня будзе пераможнаю да таго моманту, пакуль Беларусь ня стане свабоднаю. Гэта тое, што не заўжды разумеюць заходнікі. Можна выкінуць расейскія войскі з Данбасу, Крыму, але пакуль яны будуць на тэрыторыі Беларусі, пакуль Лукашэнка будзе кіраваць, пакуль Беларусь будзе перажываць гібрыдную акупацыю, вайна ня будзе скончаная. Мне здаецца, што ўдалося гэты мэсыдж закінуць, пасяліць. Яго падхапілі мэдыя. Беларусь перажывае гібрыдную акупацыю. Юрыдычна ўсё са згоды Лукашэнкі. Гібрыдная акупацыя, гэта калі ў інфармацыйнай прасторы адбываецца захоп поля расейскімі мэдыя, у фінансава-эканамічнай прасторы абсалютнае дамінаваньне расейскай эканомікі, у палітычнай і культурнай прасторы дамінаваньне Расеі, плюс 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў, гэта гібрыдная акупацыя.