Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Ўкраіны адрэагаваў на візыт вугорскага міністра ў Менск


Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага 2023
Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага 2023

Украінскі міністар адказаў на пытаньне журналіста аб рэакцыі эўрапейскіх партнэраў Украіны на візыт вугорскага міністра ў Менск.

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што на апошніх перамовах у Эўропе і пасяджэньні групы «Рамштайн» аб вайсковай дапамозе Ўкраіне публічна не абмяркоўвалася пытаньне аб візыце міністра замежных спраў Вугоршчыны Пэтэра Сіярта ў Менск.

«У тых праявах зразумела, што яны не падтрымліваюць такую пазыцыю. Яны больш чым зьдзіўлены, але гэта партнэр Альянсу, таму маўклівая нязгода, я б так сказаў», — сказаў Аляксей Рэзьнікаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 13 лютага.

Такім чынам украінскі міністар адказаў, калі журналіст запытаў аб рэакцыі эўрапейскіх партнэраў Украіны на візыт вугорскага міністра ў Менск.

Пэтэр Сіярта прылятаў у Менск 13 лютага. Гэта першы падобны візыт з 2020 году. Папярэдні раз прадстаўнік Вугоршчыны пабываў у Беларусі 5 чэрвеня 2020 году, яшчэ да сфальшаваных выбараў прэзыдэнта і хвалі масавых рэпрэсій. Тады Беларусь з афіцыйным візытам наведаў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. Пасьля таго прадстаўнікі краін Эўразьвязу на ўзроўні прэм’ераў ці кіраўнікоў МЗС у Беларусь не прыяжджалі.

Вугоршчына ад самага пачатку поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны 24 лютага 2022-га займала неадназначную пазыцыю, адрозную ад большасьці краін Эўразьвязу, куды сама ўваходзіць. Кіраўніцтва дзяржавы, у тым ліку асабіста Сіярта, выказвалася супраць перадачы ўзбраеньняў Украіне, нібыта праз засьцярогу наконт вугорскага насельніцтва ўкраінскага Закарпацьця.

Прэм’ер-міністра Віктара Орбана і Сіярта абвінавачвалі ў празьмернай супрацы з Масквой. Вугоршчына стала адной з краін, якія адхілілі прапанову забараніць расейцам атрымліваць шэнгенскія візы.

Празь некалькі дзён пасьля візыту ў Менск кіраўнік МЗС Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, заявіўшы, што перадаў беларускаму боку просьбу не рабіць захадаў, якія могуць прывесьці да зацягваньня або пашырэньня вайны ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG