Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея пацярпіць паразу». Каспараў, Хадаркоўскі і Нямцова на канфэрэнцыі ў Мюнхэне расказалі пра будучыню Расеі


 Жанна Нямцова, Гары Каспараў, Ірына Шчарбакова, Міхаіл Хадаркоўскі
Жанна Нямцова, Гары Каспараў, Ірына Шчарбакова, Міхаіл Хадаркоўскі

На міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне адбылася сустрэча з прадстаўнікамі расейскай апазыцыі. У ёй прынялі ўдзел Міхаіл Хадаркоўскі, Гары Каспараў, Жанна Нямцова і прадстаўніца праваабарончай групы «Мэмарыял» Ірына Шчарбакова.

Дыскусія была прысьвечана ўяўленьням апазыцыйных Крамлю палітыкаў аб магчымай будучыні Расеі.

Гары Каспараў назваў перамогу Ўкраіны ў вайне неабходнай умовай любых пазытыўных зьменаў у расейскім грамадзтве. На яго думку, расейскаму народу неабходна зразумець, што Расея пацерпіць паразу. Закладам такога разуменьня ён назваў вяртаньне Ўкраіне анэксаванага Крыма. «Крым — гэта аснова пуцінскай міталёгіі», — сказаў Каспараў і заклікаў заходнія краіны ўсяляк садзейнічаць украінскай перамозе.

На думку Міхаіла Хадаркоўскага, Захаду не трэба баяцца эскаляцыі баявых дзеяньняў. Наадварот, ён лічыць, што дээскаляцыя і перамір’е на ўмовах Крамля былі б непрымальныя. «Гэта значыць, што злодзею ўдалося б сысьці з нарабаваным», — выказаўся Хадаркоўскі. Закладам пасьпяховай дэмакратычнай будучыні Расеі ён лічыць паслабленьне прэзыдэнцкай улады і прынцып падзелу і балянсу ўладаў.

Жанна Нямцова зьвярнула ўвагу на тое, што многія ў Расеі не ведаюць падрабязнасьцей аб вайне ва Ўкраіне і не цікавяцца імі. Яна палічыла важным адукоўваць расейцаў, зьвяртаючыся ня толькі да рацыянальных, але і да эмацыйных аргумэнтаў. Ірына Шчарбакова падтрымала яе. Яна падкрэсьліла, што Захаду ня варта баяцца хаосу ў выпадку краху дзеючай расейскай улады. На яе думку, такія страхі падаграе сам Крэмль, і іх трэба пераадолець.

Міжнародная канфэрэнцыя па бясьпецы ў Мюнхэне праходзіць 17-19 лютага. У гэтым годзе яе цэнтральная тэма — вайна ва Ўкраіне. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць лідэры і высокапастаўленыя прадстаўнікі многіх дзяржаў, у тым ліку канцлер Германіі Олаф Шольц, прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Харыс. Расейская дэлегацыя ў Мюнхэн запрошаная не была, у адрозьненьне ад апазыцыйных Крамлю палітыкаў у выгнаньні. Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўляе Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG