За перадачу бралі ад 15 даляраў
У Telegram створаныя адмысловыя каналы пра перавозку людзей, рэчаў, мэблі, сабак і катоў зь Беларусі ў Польшчу і ў адваротным кірунку. Адзін з такіх тэматычных каналаў налічвае больш за 7 тысяч карыстальнікаў. Там ёсьць як прапановы перавозак у Беларусь з Польшчы і назад, так і запыты на такія паслугі. Канал працуе апэратыўна, паведамленьні правяраюцца адміністратарамі.
«Літаральна днямі карыстаўся паслугамі перавозчыкаў з чату. Трэба было перадаць торбу з падарункамі ў Беларусь. За перавозку ад Лодзі да Горадні ў мяне запрасілі 15 даляраў. Прапанавалі забраць рэчы ў мяне дома, але гэта дадаткова каштавала б яшчэ 20 даляраў. Таму я сам завёз перадачу перавозчыку. Ён даставіў яе па месцы прызначэньня, ніякіх праблем не было», — расказаў Свабодзе беларус, які жыве ў Лодзі.
Ён мяркуе, што закрыцьцё памежнага пераходу паўплывае на кошт перавозак, бо кіроўцам давядзецца рабіць круг да іншых пераходаў.
«Я прасіла, каб мне з Гарадзеншчыны прывезьлі рэчы ў Беласток. Бо я перабіралася жыць сюды не ў эміграцыю, а вымушана. З Горадзеншчыны мне перадавалі шмат рэчаў, дзьве вялізныя і цяжкія торбы. За кожную торбу ўзялі тады 30 эўра. Перавозчыка я знайшла ў беластоцкім чаце. Там часта бываюць такія прапановы — перавезьці рэчы. За перавозку людзей з рэчамі „ад дзьвярэй да дзьвярэй“ просяць, калі не памыляюся, 200–250 даляраў», — расказала беларуска, якая жыве ў Беластоку.
«Празь Літву і Латвію будзе складаней, але будзем езьдзіць»
Адзін зь перавозчыкаў паведаміў Свабодзе, што закрыцьцё руху на пераходзе Баброўнікі — Бераставіца зробіць памежны бізнэс больш складаным. «Перавозкі рэчаў, людзей, жывёл ня спыняцца. Будуць людзі езьдзіць празь Літву і Латвію, перавозкі ад гэтага могуць падаражэць, натуральна», — кажа суразмоўца.
Ён кажа, што да закрыцьця «Баброўнікаў» за перавозку катоў і сабак бралі ад 250 даляраў, у залежнасьці ад «нюансаў». Напрыклад, праз высокую вагу сабакі маглі браць і 400 даляраў.
Але перавозка хатніх гадаванцаў празь Літву і Латвію мае нюанс. Апроч неабходных дакумэнтаў (вэтэрынарны пашпарт і іншае), гаспадары жывёл ці перавозчыкі мусяць унесьці за жывёліну заклад, адпаведны ейнай рынкавай цане. «Па вяртаньні зь Літвы ці Латвіі заклад вяртаецца. Як будзе з катамі і сабакамі, якія едуць зь Беларусі ў Польшчу празь Літву — ня ведаем пакуль», — кажа перавозчык.
Папулярным спосабам памежнага бізнэсу была перавозка рэчаў пад замову канкрэтным людзям у Беларусі. Камусьці трэба купіць духоўку, камусьці — каву і шакаляд. Людзі знаходзяць адзін аднаго ў тэматычных чатах у сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Часта замаўляюць нешта знаёмыя, якія ведаюць, што чалавек «ганяе» ў Польшчу. За паездку можна было зарабіць каля 100 даляраў.
Адпраўляць рэчы поштаю?
Альтэрнатывай можа стаць паштовая сувязь. Аднак тыя, хто ёй ужо скарыстаўся для адпраўкі рэчаў паміж Беларусьсю і Польшчай, маюць шмат нараканьняў.
«Адпраўляла пасылку сяброўцы з Варшавы ў Менск. Ішла пасылка амаль тры тыдні. Але, можа, так доўга, таму што былі сьвяты акурат. На пошце я заплаціла 76,50 злотых (каля 17 даляраў) за 1,6 кіляграма. Гэта прыярытэтная адпраўка, яна ідзе нашмат хутчэй, чым звычайная. Летась пасьля Новага году я адпраўляла таксама пасылку, дайшла за паўтара-два тыдні недзе. Само афармленьне займае хвілін пяць. Патрэбны толькі пашпарт, адрас адпраўніка і атрымальніка, тэлефоны. Потым усё можна адсочваць на сайце польскай пошты», — расказала беларуска, якая жыве ў Варшаве.
Таксама беларусы актыўна карыстаюцца для перапраўкі рэчаў празь мяжу паслугамі кіроўцаў міжнародных аўтобусаў. Пакуль гэтая паслуга застаецца, аўтобусы па-ранейшаму езьдзяць празь пераход каля Тарэспаля.