Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мытня перайшла на новы рэжым працы з прычыны закрыцьця пункту пропуску ў Баброўніках


Траса на закрыты памежны пераход у Баброўніках. 10 лютага 2023
Траса на закрыты памежны пераход у Баброўніках. 10 лютага 2023

У сувязі з закрыцьцём урадам Польшчы пункту пропуску ў Баброўніках (зь беларускага боку — Бераставіца) мытня Беларусі пераходзіць на новы рэжым працы.

Як паведаміла 10 лютага прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэту, ведамствам зробленыя захады дзеля «зьмяненьня сыстэмы перагрузкі і перачэпкі», а таксама «ўзмоцненыя зьмены ў астатніх адкрытых пунктах пропуску на польскім і літоўскім напрамках».

Паводле зьвестак ведамства, да закрыцьця празь Бераставіцу накіроўвалася каля 30% грузавікоў і 40% легкавога транспарту ад агульнага аўтамабільнага патоку ў бок Польшчы.

Цяпер Мытны камітэт прагназуе «значнае павелічэньне нагрузкі» на двух астатніх пераходах — Казловічы (грузавы транспарт) і Берасьце (легкавы). Пры гэтым, як паведамляецца, «частка патоку, які ідзе з польскага боку, пераразьмяркуецца на літоўскія пункты пропуску, у прыватнасьці, найбліжэйшую Прывалку».

Акрамя гэтага, пры ўезьдзе эўрапейскіх транспартных сродкаў на тэрыторыю Беларусі праз пункты пропуску Казловічы або Прывалка мытняй дапускаецца для ажыцьцяўленьня грузавых апэрацый.

Пасьля мытнага афармленьня ў Бераставіцы кіроўцам транспартных сродкаў дазволяць вяртацца ў пункты пропуску Казловічы, а таксама Прывалка і Беняконі на мяжы зь Літвой.

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што пасьля закрыцьця пераходу ў Бераставіцы засталося «каля 40 грузавых і 60 легкавых аформленых аўтамабіляў», а ў зоне чаканьня — «больш за 200 грузавікоў».

Кіроўцам вялікагрузаў дазволілі перасекчы мяжу ў іншым пункце пропуску.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG