Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў вырак журналісту Сацуку бязь зьменаў


Сяргей Сацук
Сяргей Сацук

Раней Менскі гарадзкі суд пакараў рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Разгляд апэляцыйнай скаргі на вынесены 26 кастрычніка 2022 году вырак праходзіў у Вярхоўным судзе ў закрытым рэжыме.

У выніку суд пакінуў у сіле тэрмін першай інстанцыі. Гэта азначае, што найбліжэйшым часам Сацука перавядуць на ўзмоцнены рэжым адбыцьця пакараньня, як раней і пастанавіў Менскі гарадзкі суд.

З прычыны фармату «сакрэтнасьці» невядомыя акалічнасьці дыскусій з бакоў нагляднага органа і юрыдычнай абароны, аднак па выніку судзьдзя Вярхоўнага суду Тацяна Васілевіч не знайшла прычын да рэвізіі вынесенага абвінавачаньня ці прынамсі зьмякчэньня тэрміну зьняволеньня.

Вядома, што пісьмовы пратэст заняў ажно 85 старонак з пацьвярджэньнямі доказаў уласнай невінаватасьці.

Нядаўна стала вядома, што журналіст скардзіцца на адсутнасьць неабходнай колькасьці лекаў, у яго пачаліся праблемы з сэрцам.

Сацук у лістах на волю наракае, што адміністрацыя СІЗА ў Магілёве, дзе ён чакае вынікаў апэляцыі ў Вярхоўным судзе, адмаўляецца выдаваць яму патрэбныя кардыялягічныя прэпараты, паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«Моцна захварэў, паднялася тэмпэратура і абвастрыўся гаймарыт, — падзяліліся лістом са службай маніторынгу БАЖ блізкія Сацука. — Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасьцельнага рэжыму — само па сабе небывалае паслабленьне.

Па-ранейшаму праблемы з сэрцам, здарыўся прыступ мігальнай арытміі. Лекаў, якія мы высылалі раней, не аддаюць, хоць ён рэгулярна зьвяртаецца. На жаль, хваравіты стан ігнаруюць», — паведамілі сваякі.

Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, Сяргей Сацук вымушаны істотна зьмяншаць дозу, каб хапіла на даўжэйшы час. Але такая доза не дапамагае. Турэмныя кантралёры і мэдпэрсанал адмаўляюць праблемы і не выдаюць нават таго, чым забясьпечваюць зьняволенага журналіста сваякі.

У магілёўскім турэмным ізалятары, куды ў канцы мінулага году яго перавялі зь менскага СІЗА № 1, Сяргей Сацук правядзе некалькі наступных тыдняў — на 10 лютага заплянаваны разгляд яго апэляцыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе. Калі заяву не задаволяць, вязьня этапуюць у адну з калёній узмоцненага рэжыму для адбыцьця прысуджанага яму 8-гадовага тэрміну зьняволеньня.

Сацук намагаецца на падставе фактаў даказаць уласную невінаватасьць. БАЖ стала вядома, што апошні варыянт скаргі на прысуд ён склаў асабіста — раней журналіст працяглы час спэцыялізаваўся на судовых тэмах, таму ведае нюансы ня горш за юрыстаў.

  • Сяргей Сацук — былы галоўны рэдактар папулярнага партала «Ежедневник» (ej.by), адзін з самых вядомых расьсьледавальнікаў. Яго затрымалі 8 сьнежня 2021 году, у той жа дзень рашэньнем Міністэрства інфармацыі быў заблякаваны доступ да сайта ej.by. Да суду ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску, праваабаронцы прызналі журналіста палітычным вязьнем.
  • 26 кастрычніка 2022 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сьвятлана Бандарэнка пакарала Сяргея Сацука 8 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам у эквіваленце 16 тысяч рублёў, абвінаваціўшы паводле трох крымінальных артыкулаў: «Атрыманьне хабару» (арт. 430 КК), «Распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК), «Перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG