Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Рымскі гатовы да сустрэчы з Пуціным і Зяленскім дзеля міру


Папа Рымскі Францішак
Папа Рымскі Францішак

Папа Рымскі Францішак заявіў, што адкрыты для сустрэчы з прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны Ўладзімірам Пуціным і Ўладзімірам Зяленскім для абмеркаваньня спыненьня вайны.

Пра гэта пантыфік сказаў у нядзелю выданьню Corriere della Sera.

Раней Францішак неаднаразова выказваў гатоўнасьць стаць пасярэднікам у перамовах паміж Масквой і Кіевам, а таксама надзею на мір ва Ўкраіне.

У першы ж дзень расейскага ўварваньня — 24 лютага — Францішак размаўляў праз тэлефон з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, а замест званка Ўладзіміру Пуціну асабіста наведаў расейскага амбасадара, каб перадаць яму просьбу спыніць баявыя дзеяньні. Пасьля ён перадаў для Пуціна паведамленьне, што гатовы для сустрэчы зь ім прыехаць у Маскву, аднак Расея праігнаравала гэтую просьбу.

Пазьней ён тлумачыў, што не паехаў у Кіеў толькі таму, што ў яго не было магчымасьці зьдзейсьніць такі ж візыт у Маскву.

16 сакавіка летась адбылася тэлефонная размова патрыярха Кірыла і папы Францішка. Па словах папы, Кірыл доўга зачытваў з паперкі зьвесткі пра геапалітыку і пра падлётны час ракет NATO. Папа параіў патрыярху прыгадаць, што ён не чыноўнік, не «алтарны служка Пуціна», і гаварыць на належнай сьвятару мове веры і Езуса.

У канцы кастрычніка ў Ватыкане прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон папрасіў папу Францішка патэлефанаваць прэзыдэнту РФ Уладзіміру Пуціну, патрыярху Маскоўскаму Кірылу і прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну, каб паспрабаваць спыніць вайну ва Ўкраіне.

Пазьней у інтэрвію езуіцкаму часопісу America пантыфік адказаў на абвінавачаньні ў тым, што не называе адкрытым тэкстам віноўнікаў вайны, а толькі заклікае абодва бакі канфлікту да міру.

Па словах Францішка, камэнтуючы вайну ва Ўкраіне, ён ня згадвае прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, бо пра ролю гэтага палітыка «ўжо вядома». «Усе ведаюць маю пазыцыю, з Пуціным ці бяз Пуціна», — сказаў Францішак. «Непрымальная збройная агрэсія і бойня павінны быць спыненыя», — заявіў першагерарх Рымска-каталіцкай царквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG