Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць рэдактарку Касьцюгову і дасьледчыцу Кузіну


Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

Працэс праходзіць у Менскім гарадзкім судзе.

У залежнасьці ад ролі Валерыю Касьцюгову і Тацяну Кузіну абвінавачваюць па трох артыкулах КК:

  • ч. 1 арт. 357 («дапамаганьне дзеяньням, учыненым з мэтай захопу ўлады»),
  • ч. 3 арт. 361 («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы») і
  • ч. 3 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»).

Справу палітзьняволеных жанчын разглядае судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук, паведамляюць БАЖ і Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Зварот калег падсудных

Калектыў SYMPA/BIPART апублікаваў зварот, у якім патрабуе спыніць перасьлед калегаў-экспэртак, праца якіх ня можа быць падставай для выстаўленьня супраць іх крымінальных і любых іншых абвінавачаньняў. Яны заявілі, што экспэртная, выкладчыцкая, а таксама любая іншая прафэсійная дзейнасьць, якой займаліся Тацяна Кузіна і Валерыя Касцюгова, ня мае і ня можа мець нічога агульнага з гэтымі крымінальнымі артыкуламі і ўказанымі ў іх злачынствамі. Дзейнасьць Тацяны Кузінай і Валерыі Касцюговай заўсёды была зьвязаная выключна з выкананьнем імі сваіх прафэсійных абавязкаў, заявілі ў звароце.

Заява заходніх дыпляматаў

З нагоды пачатку працэсу амбасада Нямеччыны ў Менску выступіла з заявай:

«Дыплямат амбасады Нямеччыны, а таксама дыпляматы прадстаўніцтваў іншых краін ЭЗ у Беларусі сёньня прыбылі да будынку суда да пачатку судовага працэсу, каб выказаць сваю салідарнасьць з абвінавачанымі.

Шматлікія рэпрэсіі беларускіх улад па палітычных матывах зьяўляюцца парушэньнем міжнародных абавязкаў, якія Беларусь сама бярэ на сябе, зьяўляючыся, напрыклад, сябрам Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Фэдэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі».

Валерыя Касьцюгова — паліталягіня, заснавальніца і рэдактарка сайта экспэртнай супольнасьці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка «Белорусского ежегодника» і кіраўніца групы экспэртаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 году.

Тацяна Кузіна працавала ў ЭГУ, была каардынатаркай франка-беларускага факультэту палітычных і адміністрацыйных навук, кіравала аддзелам грамадзкіх і замежных сувязяў, была выканаўчым дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), таксама ў розныя гады супрацоўнічала з многімі навукова-дасьледчымі цэнтрамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці.

Тацяна Кузіна брала ўдзел у дасьледаваньні пра ўдзел грамадзян у грамадзкіх абмеркаваньнях, аналізавала электронныя пэтыцыі ў кантэксьце правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG