Паводле губэрнатара Белгарадзкай вобласьці Вячаслава Гладкова, пажар узьнік у выніку абстрэлу, «снарады патрапілі на тэрыторыю грамадзянскага прамысловага завода» ў Барысаўцы. Гладкоў сьцьвярджае, што рэгіён атакавала ўкраінскае войска. Ва Ўкраіне пакуль не камэнтавалі.
У мясцовых тэлеграм-каналах пішуць, што гарыць нафтабаза, агнём закранула найбліжэйшы «Барысаўскі завод маставых мэталаканструкцый». На прадпрыемстве ў гэты час працавала зьмена рабочых. Гладкоў заявіў, што «людзей пасьпелі вывесьці на бясьпечную адлегласьць».
На сайце завода пазначана, што з 2015 году ён удзельнічаў у будаўніцтве Крымскага маста.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці падоўжыў высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі ў рэгіёне бестэрмінова. Высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі сярод іншага прадугледжвае ўзмоцненыя патрулі ў грамадзкіх месцах, больш пільны кантроль у аэрапортах і на вакзалах, перавод мэдыцынскіх арганізацый у рэжым павышанай гатоўнасьці.
Раней бестэрміновы высокі ўзровень тэрарыстычнай небясьпекі ўвялі ўлады Курскай і Бранскай абласьцей Расеі.