Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры расейскія мільярдэры, якія цяпер пад санкцыямі, задэкляравалі маёмасьць у Вялікай Брытаніі


Ігар Шувалаў
Ігар Шувалаў

У лік гэтых людзей уваходзіць былы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў. А пра Рамана Абрамовіча зьвестак няма.

У рэестар замежнікаў, якія валодаюць нерухомасьцю ў Вялікай Брытаніі, трапілі трое расейскіх мільярдэраў, якія цяпер пад санкцыямі, паведамляюць Guardian і Reuters.

У рэестар, як адзначаюць выданьні, увайшлі:

  • лёнданская кватэра старшыні дзяржаўнага банку «ВЭБ.РФ» і былога віцэ-прэм’ера Ігара Шувалава плошчай каля 500 квадратных мэтраў;
  • офісны будынак у лёнданскім Сіці, зьвязаны з уладальнікам «Интерроса» Ўладзімірам Патаніным;
  • а таксама асабняк у горадзе Вэйбрыдж пад Лёнданам і кватэра ў лёнданскім раёне Найтсбрыдж саўладальніка «Евраза» Аляксандра Фралова.

Пры гэтым, як адзначае Reuters, у рэестры няма зьвестак аб нерухомасьці Рамана Абрамовіча, супраць якога пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне таксама ўвялі санкцыі.

«Змагары з карупцыяй, палітыкі і іншыя крытыкавалі ўрад [Вялікай Брытаніі] за шчыліны, якія дазваляюць пазьбегнуць раскрыцьця [дадзеных аб бэнэфіцыярах замежных кампаній], як, напрыклад, выкарыстаньне фондаў», — піша агенцтва.

Рэестар замежнікаў, якія валодаюць нерухомасьцю ў Вялікай Брытаніі, запрацаваў у жніўні 2022 году. Улады краіны запатрабавалі ад замежных кампаній задэкляраваць нерухомасьць і раскрыць сваіх бэнэфіцыяраў. Адмова пагражае штрафам ці пазбаўленьнем волі да 5 гадоў. Брытанскія чыноўнікі тлумачылі стварэньне рэестру барацьбой з «адмываньнем грошай расейскімі алігархамі».

Па дадзеных BBC, каля дзясятка расейцаў, якія трапілі пад санкцыі, валодаюць у Вялікай Брытаніі ўласнасьцю прыкладна на 800 млн фунтаў (больш за $1 млрд). Людзі, сьцьвярджае выданьне, якія маюць сувязі з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, шмат гадоў скуплялі шматмільённыя загарадныя асабнякі на поўдні Брытаніі і раскошныя кватэры ў самых дарагіх раёнах Лёндану.

У 2022 годзе журналісты ВВС паведамлялі, што Шувалаў валодае ў Вялікай Брытаніі дзьвюма шыкоўнымі кватэрамі ў лёнданскім Уайтхоле коштам каля 11 млн фунтаў (каля $ 14,3 млн): пасьля гэтага прадстаўнік Шувалава пацьвердзіў, што яшчэ ў 2014 годзе права ўласнасьці на кватэры было перададзена расейскай кампаніі, «падкантрольнай сям’і Шувалавых».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG