Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў». Размова з маці загінулага добраахвотніка Эдуарда Лобава


Марына Лобава, маці загіблага беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Эдуарда Лобава. Архіўнае фота
Марына Лобава, маці загіблага беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Эдуарда Лобава. Архіўнае фота

Марына Лобава расказала Свабодзе малавядомыя факты пра сына, яго стаўленьне да беларускай улады і вайны ва Ўкраіне.

Эдуард Лобаў марыў стаць афіцэрам у Беларусі, дзеля гэтага пайшоў у войска. У 2010-м трапіў за краты, адседзеў 4 гады «ад званка да званка», бо прашэньні аб памілаваньні пісаць адмовіўся. З 2015 года служыў добраахвотнікам, а потым кантрактнікам ва Ўкраіне. Свабода пагаварыла з маці загінулага ва Ўкраіне Эдуарда Лобава Марынай.

«Калі нарадзіўся малодшы брат, Эдзік хутка пасталеў»

Эдуард Лобаў нарадзіўся 1 сьнежня 1988 году ў Вільні. Адтуль родам была ягоная маці Марына, а бацька вучыўся тады ў Школе МУС. У Беларусь сям’я пераехала, калі Эдзіку было крыху больш за год — у часы Савецкага Саюзу бацьку накіравалі служыць у беларускі горад Паставы

— Які Эдуард быў у дзяцінстве?

— У дзяцінстве Эдзік быў вельмі шустры, такі хуткі, гарэзьлівы. Любіў усё разабраць на часткі, паглядзець, як збудавана, з чаго зроблена. Таму ягоныя цацкі і забаўкі доўга "не жылі«— хлопчыку трэба было разабрацца, што як працуе. Калі быў малы, цяжка мне было: увесь час мусіла яго пільнаваць, каб ня ўлез куды, бо яму да ўсяго была справа, усё было цікава.

Эдуард Лобаў у дзяцінстве
Эдуард Лобаў у дзяцінстве

У школу ён пайшоў у Паставах. І там мне цяжка спачатку зь ім было, бо хлопчык вельмі шустры. Але калі нарадзіўся малодшы брат (а ў іх розьніца 5 гадоў), Эдуард неяк хутка пасталеў і стаў мне дапамагаць. Мы разьвяліся з мужам. Бабуль побач не было: мае бацькі жылі ў Вільні, мае бабуля і дзядуля — за 40 кілямэтраў ад нас. Я працавала, а Эдзіку даводзілася вадзіць брата ў садок, потым у школу, забіраць адтуль. Эдзік мог яго і пакарміць. Вельмі самастойны быў зь дзяцінства.

Марыў паступіць у Вайсковую акадэмію, не прайшоў мэдкамісію

— А чым захапляўся Эдзік, што любіў?

— У школе Эдзік займаўся ў сэкцыі каратэ. Спачатку асаблівага зацікаўленьня вучобай не было. Але яшчэ ў школе ў яго зьявіўся інтарэс да вайсковай службы. Калі дакладна вызначыўся з выбарам прафэсіі і вырашыў стаць афіцэрам, стаў вучыцца лепей.

Калі Эдзік вучыўся ў 8-й клясе, мы пераехалі ў Менск. Ён скончыў 219-ю школу з добрымі адзнакамі. Хацеў паступаць у Вайсковую акадэмію. Але не ўдалося атрымаць мэдычную даведку. Калі Эдзіку было 2 гады, мы трапілі ў аварыю, у яго была зламаная ножка, месяц ён ляжаў на выцяжцы ў Менску. І потым у яго было лёгкае скрыўленьне хрыбетніка. Карацей, мэдычнай даведкі не далі, у Акадэмію «забракавалі». Эдуард вельмі засмуціўся. Але ён усё адно вырашыў дамагацца свайго: пайсьці спачатку ў войска, і пасьля службы ў Акадэмію будзе прасьцей паступіць, чым пасьля школы.

Служыў у Віцебскай дэсантнай брыгадзе

— Дзіўна атрымліваецца, у Вайсковую акадэмію ня годны па стане здароўя, а ў дэсантныя войскі — годны...

— Так. Эдзік пайшоў у ваенкамат, сказаў, што марыць стаць вайскоўцам, хоча служыць у дэсанце. Яму прапанавалі на выбар тры дэсантныя брыгады: у Берасьці, у Мар’інай Горцы і ў Віцебску. Ён выбраў 103-ю асобную гвардзейскую дэсантную брыгаду ў Віцебску.

Эдуард Лобаў у беларускім войску
Эдуард Лобаў у беларускім войску

— А ўяўленьне, што адбываецца ў войску, у яго было?

— Калі ён рос, сталеў, то разумеў, што адбываецца ў Беларусі. Але Эдзік спадзяваўся, што ў войску ўсё ж больш парадку, чым у краіне. Глядзеў шмат вайсковых перадач, а там жа паказвалі ўсё толькі добрае, узорнае! Калі апынуўся сам у войску і пабачыў усё знутры, пачаў спрабаваць навесьці парадак. Да яго далучыўся Андрусь Цянюта з «Маладога фронту», якога таксама накіравалі служыць у тую ж віцебскую брыгаду. Яны разам дамагаліся, каб да салдатаў ставіліся нармальна.

Пад канец службы Эдзік па ўсёй тэрыторыі часткі разьвесіў улёткі супраць армейскага свавольства. Ну і за гэта быў пакараны — яго адправілі на гаўптвахту на 10 сутак. І дэмабілізавалі крыху пазьней, улетку 2010 году.

Пасьля войска далучыўся да «Маладога фронту»

— А як ён трапіў у «Малады фронт? Як далучыўся да апазыцыі — літаральна праз паўгода яго затрымалі...

— Да войска Эдуард ня ведаў нікога з апазыцыі. Ён цікавіўся толькі вайсковай службай, рыхтаваўся да гэтага, чытаў шмат літаратуры. Прычым не мастацкай, а гістарычнай, мэмуарнай. Яго цікавілі біяграфіі военачальнікаў, сур’ёзныя кнігі. У дзяцінстве я яму дарыла энцыкляпэдыі, а ня казкі і байкі. Любіў чытаць шмат, сам купляў кнігі. Потым запампоўваў электронныя кніжкі, каб у свабодную хвілінку пачытаць.

Калі ён дэмабілізаваўся летам 2010 года, адразу ж далучыўся да «Маладога фронту» па рэкамэндацыі Андруся Цянюты. Якраз пачалася падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Эдзік стаў удзельнікам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Яшчэ перад выбарамі яго шмат разоў затрымлівалі. Але пасьля адпускалі — у параўнаньні зь цяперашнім часам тады была адносная дэмакратыя.

Эдуард Лобаў. 2014 год
Эдуард Лобаў. 2014 год

Калі яго прэвэнтыўна затрымалі 18 сьнежня 2010 разам са Зьмітром Дашкевічам, перад самымі выбарамі, а потым асудзілі на 4 гады, для мяне гэта было трагедыяй. (У 2011 годзе Эдуард Лобаў разам са Зьмітром Дашкевічам былі асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства». — РС). Я думала, што сьвет абрушыўся. Хаця Эдзік падазраваў, што будуць правакацыі, што яго могуць пасадзіць. Ён мяне папярэдзіў, каб я была гатовая да ўсяго і каб асабліва не нэрвавалася.

Эдзік увогуле мяне засьцерагаў ад усялякіх трывог і непрыемнасьцяў. Ён ніколі ні на што ня скардзіўся. У яго ўсё заўжды было добра. Нават калі ў турме сядзеў, хварэў там, я даведвалася пра гэта, калі ён папраўляўся. Тое самае было і ва Ўкраіне. Ён засьцерагаў мяне ўвесь час.

«Эдзік лічыў, што гэта прыніжэньне — прасіць незаконна абранага Лукашэнку аб памілаваньні»

— Але тады і Зьміцер Дашкевіч, і Эдуард Лобаў адседзелі «ад званка да званка», хоць яны не былі на Плошчы, як іншыя палітвязьні, якіх даволі хутка вызвалілі. Я ведаю, што калі Эдзік сядзеў у Івацэвіцкай калёніі, яго як мінімум тройчы прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Адкуль такая ўпартасьць? Мог бы выйсьці раней...

— Эдзік не лічыў сябе вінаватым. Якое памілаваньне, калі ён нічога проціпраўнага не зрабіў? Ён нават да Плошчы не дайшоў — яго забралі напярэдадні. Пра якое памілаваньне можа ісьці гаворка, калі ён не вінаваты, безь віны пасаджаны? Ён заўжды меў гонар і годнасьць. Эдзік лічыў, што гэта прыніжэньне — прасіць незаконна абранага Лукашэнку аб памілаваньні, пагатоў калі ён нічога не зрабіў.

Эдуард Лобаў па выхадзе з турмы. 2014 год
Эдуард Лобаў па выхадзе з турмы. 2014 год

Выйшаў на свабоду 18 сьнежня 2014 года. Калі чалавек выходзіць з турмы на волю, ён думае, што будзе свабодным. Аказалася, што ўсё ня так. Пачаўся ціск, жорсткі нагляд. Прыходзілі з праверкамі ўначы, нельга было спазьніцца, нельга было выходзіць на акцыі. У яго было тры парушэньні, затрымалі на акцыі да Дня Волі. Ну і завялі яшчэ адну крымінальную справу. Хацелі зноў пасадзіць. Мы вырашылі, што яму трэба ехаць. Бо так жыць стала проста немагчыма.

«Ён цьвёрда вырашыў, што пойдзе добраахвотнікам на Данбас»

— І куды ён выправіўся? Адразу ва Ўкраіну?

— Не. Летам 2015 года я вывезла яго ў Вільню. Мне ён сказаў, што ненадоўга хоча паехаць ва Ўкраіну. Я думала, што ён паедзе на нейкі час, сустрэнецца там зь сябрамі і вернецца. Але там і застаўся. Я была ў шоку! Угаворвала яго паехаць у Польшчу, бо мы палякі. Мой дзед — вэтэран Войска Польскага, браў удзел у абароне Варшавы, быў у нямецкім палоне, пасьля адседзеў 10 гадоў, калі прыйшлі камуністы... Я хацела, каб Эдзік выехаў у Польшчу.

Але ён вырашыў, што ва Ўкраіне ён будзе служыць у войску, ажыцьцявіць сваю юнацкую мару — стаць вайскоўцам.

Ён цьвёрда вырашыў, што пойдзе добраахвотнікам на Данбас.

І зь лета 2015 года ён быў добраахвотнікам. У 2017 годзе ва Ўкраіне выйшаў закон, што неграмадзянаў Украіны можна браць на кантракт у войска. Эдуард скончыў чарговыя курсы і падпісаў на 3 гады кантракт у брыгаду спэцыяльнага прызначэньня ў Хмяльніцкім. Служыў там 3 гады. Купіў сабе ў Хмяльніцкім невялікую кватэрку, зрабіў рамонт. Меў добрага сябра Багдана, украінца, які яму дапамагаў. Сябра таго забілі на пачатку вайны...

Праслужыў 3 гады, быў у выведроце, потым мэдыкам. Скончыў шмат розных вайсковых курсаў. Ён пастаянна вучыўся на нейкіх курсах.

Летам 2020 году падпісаў кантракт у 72-ю мэханізаваную брыгаду «Чорных запарожцаў», дзе служыў Саша Малчанаў (таксама былы палітзьняволены, з Барысава родам). У гэтай брыгадзе таксама езьдзіў на розныя курсы, атрымліваў узнагароды — «Казацкі крыж» 3-й ступені ў 2021 годзе, мэдаль вэтэрана вайны, калі быў яшчэ добраахвотнікам на Данбасе. Заўсёды ганарыўся гэтым, паказваў свае ўзнагароды, сэртыфікаты.

Ян Мельнікаў (са сьцягам), Эдуард Лобаў (другі справа трымае плякат). Львоў, 2015 год
Ян Мельнікаў (са сьцягам), Эдуард Лобаў (другі справа трымае плякат). Львоў, 2015 год

Паступіў вучыцца на псыхоляга ў інстытут завочна. Але было ўжо не да вучобы.

Мы раней часта бачыліся з сынам: я езьдзіла да яго ў Кіеў, потым, калі ён ужо купіў кватэру, у Хмяльніцкі. Зьбіралася ехаць і вясной 2020-га, але абвясьцілі пандэмію. І я ўжо не змагла выехаць. З 2019 года я яго ня бачыла. Усе кантакты былі праз мэсэнджары.

Узнагарода Эдуарда Лобава
Узнагарода Эдуарда Лобава

«Быў перакананы, што мірным шляхам Лукашэнку не прыбраць»

— А што Эдуард гаварыў пра падзеі 2020 года ў Беларусі?

— Эдзік ня быў прыхільнікам мірных падзей. Ён быў перакананы, што мірным шляхам Лукашэнку не прыбраць. Ён лічыў, што тады, летам 2020-га, беларусам трэба было змагацца. А кветачкі дарыць міліцыянтам — гэта ўжо за межамі. Яны зьбівалі, гвалцілі людзей, а дзяўчаты ім кветкі дарылі... Каб быў сур’ёзны супраціў, можна было перамагчы, меркаваў Эдуард. Бо тады выкладалі шмат відэа, і калі міліцыянтам мужыкі аказвалі на самой справе супраціў, то сілавікі ўцякалі. Яны ўцякаюць, яны баяцца. Яны могуць толькі біць тых, хто не аказвае супраціву: ляжачых, дзяўчат. А на самой справе яны баяцца.

Мне таксама было цяжка ў 2020 годзе. У нас у Беларусі засталіся і дом, і кватэра. Але давялося выехаць. А калі стала вядома, што затрымліваюць сваякоў тых, хто ваюе ва Ўкраіне, то ўвогуле зразумела, што ў Беларусь нельга вяртацца.

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

«Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў, падтрымліваў»

— А як вы ўспрынялі вестку пра пачатак вайны? Што адчувае маці, калі сын ваюе ва Ўкраіне?

— Калі я чытала, што на пачатку 2022 года расейцы канцэнтруюць свае войскі каля мяжы з Украінай, я адчувала, што будзе вайна. Пісала Эдзіку пра гэта. Ён мяне суцяшаў: «Не-не, гэта толькі вучэньні».

За тыдзень да пачатку вайны я зноў напісала, што, мабыць, будзе вайна. Эдзік адказаў: «На жаль, мы ня можам на гэта паўплываць». Ён усё ведаў. Перад самай вайной ён тэрмінова пайшоў на чарговыя курсы, нават адпачынак адклаў, засвойваў гранатамёты, NLAW, «джавэліны» (заходнія пераносныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. — РС).

Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў, падтрымліваў, каб я не хвалявалася, калі яго ня будзе ў інтэрнэце, бо могуць быць праблемы з сувязьзю. Як толькі я прачынаюся, бяру тэлефон, гляджу, калі Эдзік быў на сувязі. Выходзіў у інтэрнэт нядаўна — я шчасьлівая!

Узнагарода Эдуарда Лобава, падпісаная Валерыем Залужным, галоўнакамандуючым украінскім войскам
Узнагарода Эдуарда Лобава, падпісаная Валерыем Залужным, галоўнакамандуючым украінскім войскам

«Ён сабой прыкрываў адыход параненага камандзіра»

— А дзе Эдуард пасьпеў паваяваць?

— Эдуард браў удзел у абароне Кіева. Атрымаў за гэта 4 траўня 2022 года ўзнагароду «За ўзорнасьць у вайсковай службе» 3-й ступені. Вызваляў Чарнобыль.

Пазьней яго перакінулі ў самае пекла — пад Вуглядар. Сын быў вельмі стомлены. Пісаў, што не было дзе выспацца нармальна, немагчыма адпачыць. Здаваўся мне вельмі змучаным. Ніколі не пісаў раней, што цяжка, а тут напісаў, што ўмовы складаныя...

24 студзеня ён выходзіў у інтэрнэт. 25-га я запыталася, ці ёсьць зьмены да лепшага. Ён не адказаў ужо... А 26-га Эдзіка забілі.

Толькі ўчора я даведалася, што ён сабой прыкрываў адыход параненага камандзіра. Такі мой Эдзік — ён ня кіне нікога ў бядзе, сам не адыдзе ўбок. Ён заўсёды быў адказным. Калі ён сказаў, што будзе так рабіць, то і зробіць...

Я яшчэ ня ведаю, калі будзе пахаваньне. Шмат бюракратычных праблем даводзіцца пераадольваць. Ва Ўкраіне цела Эдуарда знаходзіцца яшчэ ў зоне баявых дзеяньняў.

Я вельмі ўдзячная польскаму боку, што дазволілі мне пахаваць сына тут, у бясьпецы, у спакоі. Бо Беларусь пазбавіла яго нават месца для пахаваньня. Мы б не змаглі яго там пахаваць. Дый ва Ўкраіне небясьпечна, там баі ідуць. Была зьдзіўленая, колькі людзей мне пісалі, тэлефанавалі — Людміла Мірзаянава, Натальля Пінчук, Натальля Радзіна мяне падтрымалі літаральна ў першыя гадзіны. Многіх я наагул ня ведаю.

Асобная мая падзяка амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму, ён проста залаты чалавек! Вельмі дапамог нам.

Андрусь Цянюта ініцыяваў збор подпісаў за наданьне Эдуарду званьня «Герой Украіны». Зьвязаўся з камандзірам, якога Эдзік выратаваў. Будуць складаць пэтыцыю і зьбіраць подпісы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG