Габрэйскае агенцтва для Ізраілю («Сахнут») накіравала сваім супрацоўнікам у Беларусі просьбу спыніць прасоўваньне аліі (рэпатрыяцыі), але пасьля запыту журналістаў The Jerusalem Post аб падрабязнасьцях просьбу «замарозіла», піша BPN.
Ізраільская газэта апублікавала гэтую інфармацыю са спасылкай на дзьве крыніцы, якія бачылі перапіску агенцтва са сваім прадстаўніком у Беларусі.
«Няясна, ці зьмяніла агенцтва сваё рашэньне праз запы [The Jerusalem] Post аб камэнтары ці па іншых прычынах. Ні ў адным зь лістоў таксама не было пазначана, чаму агенцтва прасіла адмяніць або замарозіць дзейнасьць, накіраваную на папулярызацыю рэпатрыяцыі. Адной з прычын могуць быць цесныя сувязі паміж Расеяй і Беларусьсю і напружанасьць паміж Габрэйскім агенцтвам і Расейскай Фэдэрацыяй з прычыны яго дзейнасьці ў краіне. Міністэрства юстыцыі Расеі аб’явіла агенцтва замежным агентам і запатрабавала яго ліквідацыі», — піша газэта.
З самога агенцтва выданьне атрымала адказ, што «ў працы ці палітыцы Габрэйскага агенцтва ў Беларусі няма ніякіх зьмен і ніякая заплянаваная дзейнасьць не была адмененая».
Габрэйскае агенцтва «працягвае весьці адукацыйную дзейнасьць і клапаціцца аб [будучых] імігрантах па ўсёй краіне і дапамагае ўсім, хто хоча іміграваць у Ізраіль, як гэта было ў папярэднія гады».
У артыкуле гаворыцца, што, паводле Габрэйскага банку дадзеных, у Беларусі маецца 8 з паловай тысяч чалавек «асноўнага габрэйскага насельніцтва» і 33 тысячы чалавек, якія маюць права на рэпатрыяцыю паводле закону аб вяртаньні.
Паводле зьвестак The Jerusalem Post, у беларускім офісе «Сахнуту» працуюць адзін прадстаўнік Ізраілю і 20 мясцовых супрацоўнікаў.