Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць «групы Пракоп’ева» выставілі больш за тузін абвінавачаньняў. БелТА агучыла дэталі


Вадзім Пракоп'еў
Вадзім Пракоп'еў

Генпракуратура накіравала ў Менгарсуд крымінальную справу ў дачыненьні да 18 удзельнікаў так званай групы Вадзіма Пракоп’ева. Іх абвінавачваюць у плянаваньні і ўчыненьні шэрагу актаў тэрарызму, у тым ліку ў дачыненьні да дэпутата Алега Гайдукевіча, паведамляе БелТА.

У ліку абвінавачаных Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь, Анастасія, Уладзіслаў і Вольга Вайцяховічы, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзьмітры Невяркевіч, Эдуард Пестрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімер Савенкаў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філасоў, Пётра Юркевіч.

Фігуранты абвінавачваюцца па многіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. У розным спалучэньні ім інкрымінавана падрыхтоўка да акта тэрарызму, замах на яго, а таксама ўчыненьне акта тэрарызму; незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі; незаконныя дзеяньні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў, у тым ліку дапамога ў такіх дзеяньнях.

Ім ставяць у віну незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу агнястрэльнай зброі; замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; падрыхтоўку да акта тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча; стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, кіраваньне ім, удзел у ім; падрыхтоўку да гвалту і пагрозы яго прымяненьня ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; злоўжываньне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку падбухторваньне да яго; актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Некалькі тыдняў таму сам Вадзім Пракоп'еў пракамэнтаваў справу супраць яго і нібыта ягонай групы наступным чынам:

«Хачу сказаць наступнае. Нягледзячы на найскладанейшыя ўмовы, на „вялікага брата“, нягледзячы на тое, што сыстэма рыхтавалася да такіх выклікаў, заўсёды будзе ў грамадзтве працэнт гераічных людзей, якія будуць браць правасудзьдзе ў свае рукі, асабліва пасьля таго, як нам было абвешчана, што нам не да законаў. Гэтых людзей будуць браць у палон, іх будуць перасьледаваць асабліва жорстка, гэтым людзям будуць страляць у калені, яны будуць гінуць, як Зельцар, але іх колькасьць ня зьменшыцца.

Не чакайце, што ў нас будзе такі ж узровень акцыі адплаты, як на акупаваных тэрыторыях Украіны. Мы бачым, што адбываецца з калябарантамі на гэтых тэрыторыях. У Беларусі такога тэмпу ня будзе. Гэта зьвязана з нашым тэмпэрамэнтам і з асаблівасьцю нашай сыстэмы. Але гэты працэс ня спыніцца. Яго можна спыніць толькі адным спосабам. Ён называецца нацыянальнае прымірэньне, якое не наступіць без асуджэньня за садысцкія дзеяньні і бяз новых выбараў».

Некаторым фігурантам крымінальнай справы інкрымінаваныя ўхіленьне ад выплаты падаткаў, неданясеньне аб злачынстве, бязьдзейнасьць.

Абвінавачаныя Пракопʼеў, Хаміцэвіч і Чамякін, як піша БелТА, абвешчаныя ў міжнародны вышук, іх крымінальны перасьлед са згоды генпракурора ажыцьцяўляецца ў парадку спэцвядзеньня.

У адносінах да ўсіх абвінавачаных прыменена мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, пры гэтым у дачыненьні да Пракопʼева, Хаміцэвіча і Чамякіна — завочна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG