На прадпрыемстве «Беларуськалій» пачалася новая хваля звальненьняў тых супрацоўнікаў, якія падтрымалі альтэрнатыўнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе або ўдзельнічалі ў пратэстах ці страйку. Пра гэта паведаміла выданьне «Зеркало» са спасылкай на інфармацыю, атрыманую ад супрацоўнікаў прадпрыемства. Паводле выданьня, у студзені на прадпрыемстве зьявіліся «палітычныя сьпісы на звальненьне».
«Людзям са сьпісаў не падаўжаюць кантракты, рэзка нікога не звальняюць, а проста чакаюць зручных момантаў», — сказаў выданьню працоўны Арцём. Паводле яго, у сьпісе каля 200 імёнаў, а ў жніўні 2020 году за страйк падпісаліся больш як 7 тысяч.
«Па маіх назіраньнях, не працягваюць кантракты менавіта тым, хто мае хоць нейкае дачыненьне да кіраваньня, тым, хто займае кабінэты. Ня чуў, каб электрык ці сантэхнік, звычайны рабочы, які паставіў подпіс не за „правільнага“ кандыдата, моцна цікавіў кіраўніцтва. Бо чорную працу рабіць некаму трэба, а зараз, калі за яе яшчэ і плацяць капейкі, гэта, можна сказаць, пакараньне само па сабе», — дадаў Арцём.
Паводле яго, не падаўжаюць кантракт ягонай сяброўцы, якая паставіла подпіс за Віктара Бабарыку. У той жа час Арцём дадаў, што ёсьць працоўныя, якія ня толькі пакідалі подпісы, але і актыўна ўдзельнічалі ў страйкавым руху, і для іх усё пакуль што абмежавалася размовамі з кіраўніцтвам.
Яшчэ адзін супрацоўнік прадпрыемства Дзьмітры паведаміў, што ў сьпісе на звальненьне — у асноўным людзі, у якіх з 1 сьнежня па 30 траўня заканчваюцца кантракты. Але, паводле яго слоў, ёсьць яшчэ адзін сьпіс — у ім супрацоўнікі з больш працяглымі кантрактамі, на якіх таксама чыняць ціск, напрыклад, пазбаўляючы прэмій.
Колішні супрацоўнік «Беларуськалію» Дзьмітры Кудзялевіч мяркуе, што масавых звальненьняў пакуль няма.
«Але сытуацыя на вытворчасьці сапраўды напружаная, і зьвязаная яна як з істотным скарачэньнем вытворчасьці ў выніку санкцый, так і з чаканьнем патэнцыйнага візыту прадстаўнікоў органаў за ўсё тыя ж падзеі жніўня 2020-га. Удзельнічалі ж усе. Або амаль усе. Месяц таму выклікалі майго блізкага таварыша, ён актыўнічаў у той пэрыяд і быў пасьля звольнены. Зь яго ўзялі паказаньні, але адпусьцілі з агаворкай, маўляў, трэба будзе — паклічам. Ня дзіўна, калі зараз і пачнуцца масавыя звальненьні».
Выданьне спрабавала пацьвердзіць інфармацыю аб звальненьнях у намесьніка генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы і пэрсанале, начальніка аддзелу кадраў Міхаіла Сеўрука, аднак, выслухаўшы пытаньне, ён паклаў слухаўку.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.