Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў прысуд Дар’і Лосік


Дар’я Лосік
Дар’я Лосік

Прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, якою кіруе вярхоўны камісар у замежных справах і палітыцы бясьпекі Эўразьвязу Жузэп Бурэль, выказаўся наконт турэмнага прысуду Дар’і Лосік.

«На мінулым тыдні суд у Берасьці вынес чарговы ганебны і палітычна матываваны прысуд у падтрымку рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі. Дар’ю Лосік асудзілі на два гады калёніі за тое, што яна абараняла мужа ў інтэрвію ад сфабрыкаваных абвінавачаньняў і апэлявала да Лукашэнкі аб невінаватасьці мужа», — гаворыцца ў заяве.

«Ледзь ня кожны дзень у Беларусі зьяўляюцца новыя прыклады адвольных і жорсткіх прысудаў у палітычных працэсах, якія праходзяць у закрытым рэжыме. Рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню, у краіне цяпер больш за 1440 палітычных зьняволеных, і рэпрэсіі таксама закранаюць найбольш уразьлівыя слаі насельніцтва — дзяцей, — чытаем у заяве. — Такое бесчалавечнае абыходжаньне з грамадзянамі Беларусі павінна спыніцца. ЭЗ зноў патрабуе неадкладнага вызваленьня палітвязьняў».

Заява заканчваецца абяцаньнем, што Эўразьвяз працягне падтрымліваць усіх тых, хто імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

  • Дар’ю Лосік 19 студзеня пакаралі за інтэрвію пра яе мужа, зьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Ігар Лосік, якога затрымалі ў чэрвені 2020 году, у сьнежні 2021 году быў пакараны 12 гадамі зьняволеньня.
  • У Ігара і Дар’і Лосікаў ёсьць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую цяпер даглядаюць бабулі і дзядулі.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG