«Зь вялікім сумам мы кажам, што наш любы Крыс быў забіты разам са сваім калегам Эндру Бэгшоу пры спробе гуманітарнай эвакуацыі з Салядара», — гаворыцца ў сумеснай заяве бацькоў Пэры і яго дзяўчыны.
Яны адзначылі, што Пэры «апынуўся ва Ўкраіне ў самую цёмны час у пачатку расейскага ўварваньня і дапамог тым, хто найбольш у гэтым меў патрэбу, выратаваў звыш 400 жыцьцяў і мноства кінутых жывёлаў».
Грамадзяне Вялікай Брытаніі (у Бэгшоў таксама ёсьць грамадзянства Новай Зэляндыі) прыехалі ва Ўкраіну валянтэрамі. Бэгшоў дапамагаў мірным жыхарам эвакуавацца з Бахмута і займаўся дастаўкай прадуктаў і лекаў пажылым людзям. Пэры ладзіў зборы грошай на рамонт аўтамабіляў, паліва і абсталяваньне. Апошні раз іх бачылі ў Краматорску, яны зьбіраліся накіравацца ў Салядар.
Прэс-служба кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына раней апублікавала дакумэнты абодвух брытанцаў — пашпарты і дазвол уладаў Украіны на валянтэрскую дзейнасьць. Паведамлялася, што ў горадзе Салядар Данецкай вобласьці знайшлі цела аднаго зь іх. Зьвязаны з ПВК «Вагнер» тэлеграм-канал Grey Zone напісаў, што мёртвым быў знойдзены Крыстафер Пэры.