Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі хочуць паставіць помнік душыцелю паўстаньня Каліноўскага


Каліноўскі, Мураўёў, каляж
Каліноўскі, Мураўёў, каляж

Губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Расеі Антон Аліханаў паведаміў, што плянуе абмеркаваць з падначаленымі ўсталяваньне помніка Міхаілу Мураўёву — дзяржаўнаму дзеячу Расейскай імпэрыі, вядомаму праз здушэньне паўстаньня 1863 году. Пра гэта Аліханаў паведаміў у сябе ў тэлеграм-канале.

Заява была зробленая ў 160-ю гадавіну пачатку паўстаньня часткі земляў колішняй Рэчы Паспалітай супраць Расейскай імпэрыі. Паўстаньне 1863 году на беларускіх землях узначаліў Кастусь Каліноўскі.

Мураўёў душыў польскае паўстаньне 1831 году, аднак найбольшую вядомасьць ён атрымаў як горадзенскі, менскі і віленскі генэрал-губэрнатар у 1863–1865 гадах, калі займаўся здушэньнем і ліквідацыяй наступстваў паўстаньня супраць расейскага панаваньня ў так званым Паўночна-Заходнім краі Расейскай імпэрыі.

Пры падаўленьні пратэстаў ён шырока практыкаваў публічныя пакараньні сьмерцю, у выніку чаго атрымаў мянушку «Вешальнік». У гады, калі Паўночна-Заходнім краем кіраваў Мураўёў, былі пакараныя сьмерцю 128 чалавек, больш за восем тысяч — адпраўленыя ў ссылку. Тэрыторыя Калінінградзкай вобласьці, якая мяжуе зь Літвой і Польшчай, у 1863 годзе належала Прусіі.

  • За часамі Расейскай імпэрыі помнік Мураўёву адкрылі ў 1898 годзе ў Вільні. Помнік прастаяў да 1915 году, калі падчас Першай сусьветнай вайны Вільню ўзялі нямецкія войскі. Паводле адной з вэрсіяў, ён быў эвакуаваны, паводле іншай — застаўся ў горадзе, і польскія ўлады пабудавалі каля яго грамадзкія прыбіральні.
  • У 2021 годзе ў Беларусі гісторык Юры Шаўцоў выступіў за стварэньне помніка віленскаму генэрал-губэрнатару. «Мураўёў — сымбаль іншай польскасьці, якая адмовілася ад перакручаных прынцыпаў дзяржаўнасьці Рэчы Паспалітай і разьвярнулася на Ўсход. Гэтая іншая польскасьць была і ёсьць. І яна мае больш правоў на памяць, чым тая, якая апалягэтуе разлажэньне і абсурд, як у Каліноўскага, Капэрніцкага, Крысінскага і іншых правадыроў мяцяжу», — сьцьвярджаў Шаўцоў.
  • Ад пачатку вайны ва Ўкраіне Антон Аліханаў падпаў пад амэрыканскія санкцыі, а таксама стаў удзельнікам палемікі з уладамі Польшчы і Літвы. У прыватнасьці, ён заявіў, што гатовы паставіць будматэрыялы для будаўніцтва ў Польшчы муру на мяжы з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG