Падчас нарады па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі Лукашэнка згадаў і суседнюю Ўкраіну. Ён адзначыў, што Кіеў прапанаваў Менску заключыць пакт аб ненападзе, пры тым, што ва Ўкраіне нібыта рыхтуюць «баевікоў і экстрэмістаў». Яго цытату прыводзіць дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Ня ведаю, навошта гэта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашыя войскі туды ня рухаліся. Пакт аб ненападзе прапануюць заключыць. А зь іншага боку, рыхтуюць гэтую грымучую сумесь і ўзбройваюць іх. Польшча, Літва ўвогуле ачмурэлі. Нашто гэта ім трэба? Незразумела. Таму мы вымушаны жорстка рэагаваць».
Акрамя таго, Лукашэнка зьвярнуўся да пратэстаў 2020 году ў сувязі з Украінай.
«Ужо ўсе зразумелі: калі б мы ня выстаялі ў 2020 годзе — мы ведаем, што было б. Было б горш, чым ва Ўкраіне. Украіна багатая. Багацейшая за нас. Было б тут горш».
Рэакцыя з Украіны
Ва ўкраінскіх СМІ і сацыяльных сетках словы Лукашэнкі, што Кіеў прапаноўваў пакт аб ненападзе, выклікалі бурную рэакцыю, перадусім недавер.
Словам Лукашэнкі нельга верыць, паколькі ён часта робіць супярэчлівыя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Так «Зеркалу» пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі пра нібыта прапанаваны Кіевам Менску пакт аб ненападзе старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны па зьнешняй палітыцы і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Аляксандар Мярэжка.
«Я ня веру, што такая прапанова магла ўвогуле быць. Нават з чыста фармальнага пункту гледжаньня заключэньне любога міжнароднага пагадненьня – гэта працяглы, фармалізаваны і публічны працэс. Прычым такое пагадненьне часта патрабуе ратыфікацыі парлямэнтам», — растлумачыў Аляксандар Мярэжка.
Рэакцыя з Расеі
Расейскія СМІ цытуюць прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна: Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «Крэмль ня мае дадзеных аб тым, што Кіеў прапаноўваў Менску дамову аб ненападзе».
- 24 лютага 2022 году празь беларуска-ўкраінскую мяжу пайшлі калёны расейскіх танкаў і іншай тэхнікі, зь Беларусі ва Ўкраіну выляталі самалёты і ракеты, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай ваеннай агрэсіі. За гэта на беларускія ўлады наклалі санкцыі.
- Цяпер на тэрыторыі Беларусі праходзяць падрыхтоўку тысячы расейскіх вайскоўцаў, тут шмат вайсковай тэхнікі. Вайсковыя экспэрты аналізуюць становішча і робяць свае прагнозы наконт імавернасьці новага ўварваньня расейцаў ва Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі.