«Сёньня мы адзначаем важную падзею ў гісторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы... 160 гадоў таму нашыя народы аб’ядналі свае сілы і сталі плячо ў плячо супраць расейскага імпэрыялізму і тыраніі», — гаварылася ў віншавальным лісьце, які зачытаў Васіль Зварыч ад імя прэзыдэнта Ўкраіны падчас цырымоніі, прысьвечанай угодкам пачатку паўстаньня.
Адначасна сам Зварыч ва ўступным слове зьвярнуўся ня толькі да згаданых народаў, але і да «шаноўных прадстаўнікоў супольнасьці народу беларускага».
Рада БНР выказала засмучэньне з нагоды таго, што «ў дні, калі адзначаецца 160-гадовы юбілей пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага супраць расейскай імпэрыі, прэзыдэнт Украіны не знайшоў магчымасьці прыгадаць удзел у ім беларускага народу».
«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасьці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Аднак важна памятаць, што Лукашэнка зьяўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога зьнішчыць незалежнасьць Беларусі», — гаворыцца ў заяве Рады БНР з гэтай нагоды.
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім выступе зазначыў, што ён верыць, што свабода, дэмакратыя і воля да самавызначэньня перамогуць таксама ў Беларусі, і беларускі народ дачакаецца сваёй свабоды.
Ён таксама выказаў надзею, што «беларускі народ здабудзе сваю свабоду ў рамках сваёй мірнай барацьбы за тое, што яму аб’ектыўна належыць — права на абсалютнае самавызначэньне на сваёй уласнай зямлі».
Сьвятлана Ціханоўская, якая таксама прысутнічала на ўрачыстым мерапрыемстве, падзякавала Дуду за тое, што згадаў у прамове беларусаў.
Ціханоўская пасьля цырымоніі сустрэлася з Дудам і прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.