На мінулым тыдні Польшча і Фінляндыя заявілі, што хацелі б адправіць танкі Ўкраіне, але адзначылі, што для гэтага неабходны дазвол Бэрліна.
На пытаньне аб тым, што адбудзецца, калі Польшча адправіць свае танкі Leopard 2 без дазволу Нямеччны, Анналена Бэрбак у інтэрвію францускай тэлевізіі адказала: «Пакуль гэтае пытаньне не ўздымалася, але, калі б нас спыталі, мы б ня сталі перашкаджаць».
У сваю чаргу міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс у інтэрвію ARD 22 студзеня сказаў, што неўзабаве будзе прынята рашэньне аб тым, ці адпраўляць танкі нямецкай вытворчасьці ва Ўкраіну, паведамляе Sky News. Паводле Пісторыюса, урад Нямеччыны павінен разгледзець шмат фактараў і ня будзе рабіць пасьпешлівага рашэньня. У прыватнасьці, такія фактары ўключаюць пытаньні бясьпекі для нямецкага насельніцтва.
Напярэдадні, 21 студзеня, Пісторыюс паведаміў аб плянах зрабіць візыт ва Ўкраіну цягам наступных чатырох тыдняў.
- 22 студзеня прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў выпадку, калі ўрад Нямеччыны так і ня прыме рашэньня аб перадачы Ўкраіне танкаў Leopard 2, Варшава сфармуе «малую кааліцыю» краін, якія забясьпечаць Кіеў «сучаснай тэхнікай» і «сучаснымі танкамі» з уласных арсэналаў.
- Падчас саміту, які адбыўся ў нядзелю, лідэры Францыі і Нямеччыны паспрабавалі пераадолець рознагалосьсі, якія ўзьніклі ў адносінах дзьвюх краін пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
- Урады дзьвюх краін апублікавалі сумесную заяву, у якой адзначаюцца пляны ў прасоўваньні сумесных ініцыятыў па стварэньні баявога танка, разьвіцьці касьмічных праграм, а таксама распрацоўцы тэхналёгій вытворчасьці вадароду і акумулятараў.