Дзяніс Кірэеў, удзельнік украінска-расейскіх перамоваў, забіты ў Кіеве ў пачатку сакавіка, неўзабаве пасьля пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, быў штатным супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Мінабароны Ўкраіны (ГУР). Пра гэта заявіў кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода, пацьвердзіўшы неафіцыйную інфармацыю, якая раней зьявілася ў СМІ.
Буданаў таксама пацьвердзіў тое, што Кірэеў быў у пачатку сакавіка мінулага году забіты супрацоўнікамі Службы бясьпекі Ўкраіны. Кіраўнік ГУР катэгарычна выключае магчымасьць таго, што Кірэеў працаваў на Расею.
Дзяніс Кірэеў працаваў у структурах эўрапейскіх і амэрыканскіх банкаў, а таксама ва ўкраінскім «Ощадбанку». У 2000-х ён пачаў працаваць зь бізнэсоўцамі, якіх лічылі блізкімі да экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.
Менавіта інфармацыя Кірэева, атрыманая ад расейскіх кантактаў, па словах Буданава, дапамагла абараніць Кіеў у першыя дні вайны. 28 лютага 2022 году фінансіст узяў удзел у перамовах аб спыненьні агню, якія праходзілі ў Беларусі.
Перад другім раўндам перамоваў Кірэеву патэлефанавалі з прыёмнай дырэктара контравыведкі СБУ Аляксандра Поклада. Пасьля гэтага банкір прыехаў у Кіеў і папярэдзіў сваіх целаахоўнікаў і супрацоўнікаў вайсковай выведкі, якія былі ў яго групе, што яго могуць арыштаваць. Яны пад’ехалі да Сафійскага сабору, там зь мікрааўтобусаў да іх выбеглі супрацоўнікі СБУ і загадалі здаць зброю, а Кірэева вывезьлі ў невядомым кірунку. Праз паўтары гадзіны ягоны труп знайшлі супрацоўнікі вайсковай выведкі на ходніку з куляй у патыліцы.
Спачатку заяўлялі, што Дзяніса Кірэева забілі падчас затрыманьня ў падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі. Але ўжо празь некалькі дзён пасьля забойства яго пахавалі зь дзяржаўнымі ўшанаваньнямі на Байкавых могілках у родным Кіеве побач зь першым міністрам замежных спраў, а прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў яго мэдалём за «абарону дзяржаўнага сувэрэнітэту».
Празь некалькі месяцаў Зяленскі звольніў кіраўніка СБУ, правёў сэрыю перастановак сярод яе генэралаў, было заведзена больш за 650 крымінальных спраў аб дзяржаўнай здрадзе.
Што тычыцца ранейшых закідаў пра супрацу Кірэева з чыноўнікамі Януковіча, тут удава фінансіста сказала, што муж тлумачыў ёй рашэньне працаваць зь людзьмі з атачэньня Януковіча тым, што ня можа ў той момант памяняць людзей і вымушаны працаваць з тымі, хто ёсьць.
Кірэеў у час сваёй дзейнасьці супрацоўнічаў з такімі аўтарытэтнымі банкамі, як Crédit Lyonnais, Citibank і ING.
Позна ўвечары 18 лютага, за дзень да вылету на штогадовы адпачынак у францускія Альпы, Кірэеў вярнуўся дадому і заявіў жонцы, што не паедзе. У выніку жонка і сын адправіліся ў Францыю самі, зьмяніць намеры Кірэева жонцы не ўдалося. А 23 лютага фінансіст паведаміў Буданаву аб тым, што Пуцін заплянаваў наступ на Ўкраіну ранкам 24 лютага і нават назваў асноўныя пункты нападу, што потым пацьвердзілася.