Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея інтэнсіўна абстрэльвае дзьве паўднёвыя вобласьці Ўкраіны. На ўсходзе ідуць жорсткія баі


На ўкраінскіх пазыцыях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці, 15 студзеня 2023
На ўкраінскіх пазыцыях пад Бахмутам у Данецкай вобласьці, 15 студзеня 2023

Ад рэкорднай атакі пацярпела Запароская вобласьць: 224 абстрэлы па 21 населеным пункце, разбураны 34 цывільныя аб’екты.

Кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух заявіў, што мірныя жыхары рэгіёну пастаянна цярпяць ад тэрарыстычных атак Расеі.

«Жорсткасьць захопнікаў ня ведае межаў і не перастае наводзіць жах. Прыйшоўшы ў цывілізаваную краіну, барбары зьнішчаюць інфраструктуру, пад сталай пагрозай — жыцьцё мірных украінцаў, якія знаходзяцца на лініі агню», — напісаў Аляксандар Старух.

Паводле яго, Запароская вобласьць за апошнія содні перажыла чарговы «рэкорд» варожых нападаў: 224 абстрэлы 21 населенага пункта. Зафіксаваны разбурэньні 34 цывільных аб’ектаў.

Херсоншчыну атакуюць з артылерыі, танкаў і мінамётаў

Кіраўнік Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Яраслаў Янушэвіч паведаміў, што населеныя пункты рэгіёну за апошнія содні пацярпелі ад 90 абстрэлаў.

«Мірныя населеныя пункты атакавалі з артылерыі, ракетных сыстэм залпавага агню, мінамётаў, танкаў і бесьпілётнікаў. Херсон расейская армія абстраляла 19 разоў — бамбілі жылыя кварталы гораду. Варожыя снарады пацэлілі ў жылыя дамы», — паведаміў кіраўнік Херсонскай вобласьці.

Паводле яго, у Херсонскай вобласьці 19 студзеня загінуў адзін грамадзянін і яшчэ тры жыхары рэгіёну атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.

Днепрапятроўшчына першы дзень без расейскіх атак

Крывароскі і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласьці, якія расейцы бесьперапынна атакуюць амаль год, упершыню спалі спакойна, без абстрэлаў. Хаця напярэдадні расейцы не спынялі абстрэлаў з «Градаў» па жылых дамах.

Улады паведамілі, што ўсе аб’екты крытычнай інфраструктуры працуюць, хаця застаецца імавернасьць адключэньня электраэнэргіі. Але пасьля некалькіх хваляў атак Расеі па энэргетычных аб’ектаў па ўсёй Украіне па 6 разоў на дзень адключаюць электраэнэргію.

Эпіцэнтар баявых дзеяньняў — Луганшчына і Данеччына

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні расейскія войскі нанесьлі 9 ракетных і 23 авіяцыйныя ўдары па прыфрантавых і мірных гарадах.

Расея ўжо трэці тыдзень факусуецца на вядзеньні наступу на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках у Данецкай вобласьці, а ў Харкаўскай і Херсонскай вобласьці абараняецца.

«На ўсёй тэрыторыі Ўкраіны існуе павялічаная пагроза авіяцыйных і ракетных удараў па цывільных аб’ектах», — сказаў сьпікер Генштабу Аляксандар Штупун.

Паводле яго, пад выглядам супольных зь Беларусьсю лётных вучэньняў Расея нарошчвае сваю авіяцыйную групоўку на беларускай тэрыторыі, аднак прыкметаў фармаваньня наступальных груповак у Беларусі ўкраінская выведка не назірае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG