Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.
У Сынгапуры імкліва расьце попыт на рэзэрвуары для захоўваньня нафты. Паводле крыніцаў выданьня, гэта абумоўлена тым, што экспартэры зьмешваюць у сынгапурскіх сховішчах танныя нафтапрадукты з Расеі з даражэйшымі гатункамі паліва зь іншых крыніц. Гэта дазваляе схаваць паходжаньне нафты і павялічыць прыбытак.
Паводле зьвестак суднаходнай кампаніі Vortexa Ltd, у сьнежні 2022 года сынгапурскія тэрміналы прынялі ўдвая больш аб'ёмаў расейскай нафты і мазуту, чым годам раней. «Зьмяшаныя» нафтапрадукты, верагодна, будуць рээкспартаваныя на рынкі Паўночна-Ўсходняй Азіі, заявіў суразмоўца Bloomberg.
Сынгапурскія ўлады афіцыйна не забаранялі імпарт расейскай нафты, але мясцовым фінансавым установам нельга супрацоўнічаць з расейскімі кампаніямі.
- 5 сьнежня ў сілу ўступіла эмбарга на марскія пастаўкі расейскай нафты ў краіны Эўрапейскага Зьвязу, а таксама столь цэнаў у 60 даляраў за барэль на нафту з Расеі, якая перавозіцца па моры. Санкцыі былі ўведзены ў адказ на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.