Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы пра суд над Пачобутам: гэта адзін элемэнтаў антыпольскай кампаніі, якую праводзяць беларускія ўлады


Плякат у падтрымку Анджэя Пачобута ў Варшаве, Польшча
Плякат у падтрымку Анджэя Пачобута ў Варшаве, Польшча

У МЗС Польшчы зноў падкрэсьлілі, што лічаць абвінавачаньні, выстаўленыя Пачобуту, палітычна матываванымі і не адпаведнымі рэчаіснасьці.

На думку МЗС Польшчы, арышт і суд над Анджэем Пачобутам зьяўляюцца яшчэ адной праявай інструмэнтальнага выкарыстаньня сыстэмы правасудзьдзя насуперак усім дэмакратычным стандартам і адным з элемэнтаў антыпольскай кампаніі, якую праводзяць беларускія ўлады.

Міністэрства замежных спраў чарговы раз заклікала беларускія ўлады вызваліць Анджэя Пачобута і зьняць палітычна матываваныя абвінавачаньні зь яго і Анжалікі Борыс.

«Мы таксама заклікаем да вызваленьня Алеся Бяляцкага, праваабаронцы, лідэра арганізацыі „Вясна“, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году і ўсіх іншых людзей, якія працуюць над пабудовай дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай Беларусі.

Чакаем спыненьня рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, а таксама пачатку працэсу дэмакратызацыі краіны ў супрацоўніцтве з усімі палітычнымі коламі. Сувэрэнная і дэмакратычная Беларусь можа зноў стаць партнэрам і надзейным членам міжнароднай супольнасьці», — гаворыцца ў заяве МЗС.

У сваю чаргу прэс-сакратар МЗС Лукаш Ясіна ў эфіры Polskie Radio 24 зазначыў, што польскі бок пастаянна вядзе дыпляматычную дзейнасьць у справе Анджэя Пачобута.

«У двухбаковым канале мы маем зносіны зь беларускім бокам, а таксама спрабуем стварыць міжнародны ціск праз міжнародныя арганізацыі і падняць гэту тэму на міжнародных форумах», — сказаў ён.

Вядомага журналіста і аднаго зь лідэраў Саюзу палякаў Беларусі судзяць у Горадзенскім абласным судзе. Дату пачатку працэсу двойчы пераносілі зь невядомых прычын.

Суд пачаўся ў 10:30. На працэс спачатку пусьцілі толькі найбліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў, іншыя чакалі ў калідоры. Пазьней працэс на патрабаваньне пракурора зрабілі закрытым і ўсіх выставілі ў калідор.

Судзьдзя ў працэсе — Дзьмітры Бубенчык. Разгляд справы журналіста неаднаразова пераносілі: спачатку працэс меў адбыцца 28 лістапада, затым яго перанесьлі на 2023 год — спачатку на 9-га, затым на 16 студзеня. Прычыны пераносаў застаюцца невядомыя.

Анджэя Пачобута абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»).

У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG