Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны запатрабавалі звольніць дарадцу офісу Зяленскага Арастовіча


Аляксей Арастовіч
Аляксей Арастовіч

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка паведаміў аб пачатку збору подпісаў з патрабаваньнем звольніць дарадцу офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксея Арастовіча.

Паралельна ён зьвярнуўся ў СБУ з патрабаваньнем праверыць Арастовіча на ўчыненьне ім дзяржаўнай здрады.

Акрамя таго, як лічыць Ганчарэнка, адміністрацыя Зяленскага павінная афіцыйна заявіць аб тым, што выказваньні Арастовіча на ваенную тэматыку ня маюць дачыненьня да афіцыйнай пазыцыі.

У панядзелак яшчэ некалькі дэпутатаў Вярхоўнай рады зьвярнуліся да кіраўніка офісу прэзыдэнта Андрэя Ермака з просьбай аддзяліць пазыцыю Арастовіча ад афіцыйнай. На іх думку, дзеяньні дарадцы шкодзяць краіне — у прыватнасьці таму, што яго тэзу аб прычынах разбурэньня жылога дому ў Дняпры «імгненна падхапілі і распаўсюдзілі мэдыя краіны-агрэсара».

14 студзеня Аляксей Арастовіч у эфіры Youtube-канала Feigin-Live заявіў, што ракета, якая зьнішчыла пад’езд жылога дома ў Дняпры, у выніку чаго загінулі не менш як 40 чалавек, упала на дом таму, што была зьбітая ўкраінскай сыстэмай СПА. Прадстаўнікі Мінабароны Ўкраіны гэта абверглі — па іх сьцьвярджэньні, мела месца прамое трапленьне ракеты.

Пазьней Арастовіч спачатку папрасіў прабачэньня за сказаныя ў эфіры словы, спаслаўшыся на стомленасьць, але затым адклікаў прабачэньні, паколькі перагледзеў запіс і пераканаўся, што выказаў толькі вэрсію аб зьбітай ракеце з масай агаворак. Тым ня менш, ва Ўкраіне словы дарадцы офісу прэзыдэнта выклікалі скандал. Мэр Дняпра Барыс Філатаў назваў Арастовіча «самаўлюбёным быдлам» і «памыйным ротам».

  • З пачатку поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны Аляксей Арастовіч зьяўляецца адным з асноўных сьпікераў офісу прэзыдэнта Зяленскага. Эфіры і інтэрвію Арастовіча, у якіх ён выказваецца аб хадзе вайны, набіраюць мільёны праглядаў. Па дадзеных дасьледаваньняў украінскіх сацыялягічных службаў, Арастовіч уваходзіць у тройку самых папулярных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў Украіны: наперадзе яго толькі Ўладзімір Зяленскі і Андрэй Ярмак. У жніўні летась Арастовіч заявіў аб сваім магчымым удзеле ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG