Пра гэта — у матэрыяле, падрыхтаваным расейскай службай Радыё Свабода.
У верасьні 2022 году аўтарытарны лідэр Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае і расейскае войскі дзейнічаюць як адно цэлае, а ў кастрычніку абвясьціў аб стварэньні сумеснай з Расеяй групоўкі войскаў. З кастрычніка ў Беларусь рэгулярна прыбываюць эшалёны з расейскімі салдатамі і тэхнікай. Украінскія афіцыйныя асобы неаднаразова заяўлялі, што з тэрыторыі Беларусі рыхтуецца напад, а адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Павал Латушка паведаміў, што ў Беларусі рыхтуецца мабілізацыя.
Групоўка расейскіх войскаў у Беларусі налічвае прыкладна 10 тысяч вайскоўцаў: эшалёны з расейскімі вайскоўцамі то прыбываюць у Беларусь, то выяжджаюць зь яе ў кірунку акупаванай Луганскай вобласьці Ўкраіны. Брытанская выведка раней паведамляла, што Менск узяў на сябе новую ролю ў расейска-ўкраінскім канфлікце: навучаньне расейскіх мабілізаваных.
Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода таксама паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Андрэй Чарняк.
«На сёньняшні дзень вайсковая выведка Ўкраіны не фіксуе на тэрыторыі Беларусі прыкмет стварэньня ўдарнай групоўкі. Расейская армія ў Беларусі ажыцьцяўляе нанясеньне ракетных удараў па мірных гарадах і цывільнай інфраструктуры Ўкраіны (Маніторынгавая група „Беларускі Гаюн“ за апошнія месяцы не зафіксавала ніводнага запуску ракет з тэрыторыі Беларусі. — РС), праводзіць вучэньні і рыхтуе мабілізаваных. Потым гэтых мабілізаваных перакідаюць у зону баявых дзеяньняў. Размовы аб магчымым уварваньні ва Ўкраіну з боку Беларусі — гэта спроба адцягнуць нашы войскі ад зоны баявых дзеяньняў. На сёньня пагрозы з боку Беларусі мы не назіраем», — сказаў ён.
На думку прадстаўніка абʼяднаньня былых сілавікоў Беларусі ByPol Аляксандра Азарава, узровень падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну вырас.
«Беларускае войска раней вучылася па савецкіх падручніках. Цяпер расейскія спэцыялісты перадаюць свой вопыт удзелу ў вайне беларускім вайскоўцам. Ці змогуць яны навучыць усіх салдат? Думаю, што не. Гэта працяглыя працэсы. Тэхніка ў Беларусі дастаткова старая. Расея, вядома, перакідае нейкую тэхніку ў Беларусь, але гэтага недастаткова. На паперы ўсё добра, а ў рэчаіснасьці — ня вельмі. Мы цяпер якраз робім пра гэта расьсьледаваньне. Да нас паступіла інфармацыя, што на паперы беларускае войска закупіла новыя сродкі сувязі, а насамрэч была звычайная мадэрнізацыя састарэлых савецкіх сыстэм сувязі, а выдзеленыя грошы былі скрадзеныя», — расказаў ён.
За апошні месяц Беларусь наведалі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі РФ Алег Салюкоў. У самім беларускім войску адбываюцца кадравыя зьмены: так, 12 студзеня генэрал-маёр Аляксандар Бас быў зьняты з пасады намесьніка камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Беларусі і прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл Беларусі.
Экспэрты мяркуюць, што Расея ўсяляк спрабуе схіліць Аляксандра Лукашэнку і яго генэралаў да непасрэднага ўдзелу беларускай арміі ў вайне.
Аляксандар Азараў лічыць, што Лукашэнка ўжо не валодае сытуацыяй у Беларусі. Паводле яго, штабам створанай раней беларуска-расейскай групоўкі войскаў камандуюць расейскія генэралы. У выпадку пачатку баявых дзеяньняў усё беларускае войска, на думку Азарава, будзе цалкам падпарадкавана Расеі. Прадстаўнік ByPol мяркуе, што менавіта таму ў Беларусі актывізавалася прыватнае ахоўнае прадпрыемства «Гард Сэрвіс», якое лічыцца аналягам расейскай «ПВК Вагнэра»:
— «Гард Сэрвіс» быў створаны восеньню 2019 году, незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка рыхтаваўся да выбараў, ствараў свае ўласныя структуры. Мы рабілі расьсьледаваньне пра гэта на сваім канале, але гэты ролік быў выдалены. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак — ніводзін наш ролік ніколі не выдалялі.
Гэта адзіная арганізацыя, якая атрымала дазвол на набыцьцё, нашэньне і захоўваньне зброі. У нас ёсьць сьпісы гэтай зброі: да 100 адзінак пісталетаў, вінтовак, аўтаматаў і снайпэрскага рыштунку. Гэтая ПВК створаная для ўласнай бясьпекі Лукашэнкі, а ствараў яе Віктар Шэйман — правая рука Лукашэнкі. Ён узначальваў кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, якому належыць палова ўсяго прыбытковага бізнэсу. Шэйман, у сваю чаргу, выкарыстоўвае «Гард Сэрвіс» для абароны свайго бізнэсу. Гэтую арганізацыю ўзначальвае Аляксандар Мятла — сябар Шэймана.
На думку Азарава, любыя спробы ўкраінскіх уладаў дамовіцца з Лукашэнкам асуджаныя на правал. Так ён пракамэнтаваў паведамленьне рэдактара Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа па эўрапейскіх пытаньнях Рыкарда Юзьвяка, што санкцыі супраць Беларусі ня ўводзяцца ў тым ліку на просьбу Ўкраіны:
— Гэта нежаданьне нэрваваць Лукашэнку, але я лічу, што гэта няслушна. Лукашэнка — саўдзельнік, ён павінен панесьці пакараньне, а падлашчвацца да яго бессэнсоўна. Ён не трымае слова, ён не гаспадар на сваёй тэрыторыі. Мы лічым, што Беларусь акупаваная. Адмена ці адсутнасьць санкцый сёньня нясуць беларускаму народу хутчэй шкоду, чым карысьць.
Погляды ўкраінскіх афіцыйных асоб, вайсковых экспэртаў і заходняй выведкі на патэнцыйнае ўварваньне ва Ўкраіну з поўначы з удзелам беларускай арміі падзяліліся.
Прадстаўнік выведкі Ўкраіны Вадзім Скібіцкі 8 студзеня заявіў, што ўварваньне з тэрыторыі Беларусі малаімавернае з прычыны недахопу войскаў. Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў таксама адзначыў, што ў Беларусі няма дастаткова вялікай расейскай ударнай групоўкі войскаў, неабходнай для пасьпяховага ўварваньня. Гэта зазначае і вайсковы аналітык Кірыл Міхайлаў:
«Усе мы чулі пра перамяшчэньне расейска-беларускіх войскаў па тэрыторыі Беларусі, аднак гэта ажыцьцяўляецца сіламі асобных батальённых тактычных груп. Гэта далёка ня тыя маштабы, якія мы назіралі ў лютым 2022 году».
Прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Патрык Райдэр таксама заявіў, што Пэнтагон не назірае пагрозы з боку Беларусі. Пра гэта гаворыцца і ў брыфінгу брытанскай выведкі, і ў публікацыі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (Institute for the Study of War, ISW).
Сакратар СНБА Ўкраіны Аляксей Данілаў і галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны, аднак, выказалі думку, што Расея плянуе паўторны наступ на Ўкраіну з боку Беларусі ўжо ў лютым.
Люк Кофі, супрацоўнік Гудзонскага інстытуту ў ЗША, мяркуе, што напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі трэба лічыць толькі пытаньнем часу.
Некаторыя экспэрты мяркуюць, што недахоп жывой сілы беларускія ўлады плянуюць кампэнсаваць з дапамогай мабілізацыі. Пра мабілізацыю, якая мае адбыцца ў Беларусі, напрыклад, заявіў беларускі апазыцыйны палітык Павал Латушка. Паводле яго слоў, для яе правядзеньня практычна ўсё гатова. Латушка, спасылаючыся на крыніцы ў Менску, сьцьвярджае, што большую частку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў прымусілі здаць пашпарты, і такая інфармацыя паступае з розных гарадоў. Гэта, паводле яго слоў, неабходна для таго, каб мужчыны пасьля абвяшчэньня мабілізацыі не змаглі пакінуць краіну. Аляксей Рэзьнікаў таксама лічыць, што мабілізацыя ў Беларусі адбудзецца. Ён дадаў, што ў такім выпадку ў Беларусі будуць закрытыя ўсе межы.
Пра тое, што беларускія межы могуць быць закрытыя для вайсковаабавязаных мужчын, якія не прайшлі зьверку зьвестак, 13 студзеня заявіў вайсковы камісар Берасьцейскай вобласьці Алег Канавалаў, аднак пазьней Мінабароны абвергла гэтую інфармацыю.
Аляксандар Азараў лічыць, што мабілізацыю ў краіне могуць абвясьціць адразу пасьля ўступленьня беларускіх падразьдзяленьняў у вайну, бо на падрыхтоўку мабілізаваных неабходны час:
— На працягу некалькіх месяцаў розным катэгорыям вайсковаабавязаных рассылаліся позвы. Людзі прыходзілі ў ваенкамат, і там ужо праводзілася зьверка зьвестак. Акрамя таго, нам паступала інфармацыя, што былыя вайскоўцы сіл спэцыяльных апэрацый прайшлі месячную падрыхтоўку, ім выдалі зброю, кожнаму вызначылі пасады ў вайсковых падразьдзяленьнях. Яны будуць гатовыя ў трохдзённы тэрмін пачаць выкананьне баявых задач.
Калі Лукашэнка прыме рашэньне адправіць беларускія войскі ва Ўкраіну, то дзейных сіл будзе дастаткова для наступу. Сілы спэцыяльных апэрацый — гэта пяць-шэсць тысяч чалавек. Яны будуць дададзеныя да сіл расейскай арміі. На нашу думку, асноўны касьцяк наступу складуць расейскія войскі, а беларускае войска ім будзе дапамагаць. Акрамя ССА, да вайны падрыхтаваныя сілы СПА, ВПС, радыёэлектроннай барацьбы — яны ўзмоцненыя расейскай тэхнікай, былі праведзеныя вучэньні. Але гэта зноў жа дапаможныя сілы, а не наступальныя.
Аднак страты давядзецца папаўняць, і ў такім выпадку спатрэбіцца мабілізацыя. Паколькі на навучаньне вайскоўцаў патрэбны час — месяц ці два, то мабілізацыю могуць абвясьціць адначасова з уступленьнем Беларусі ў вайну.
Па дадзеных ByPol, у выпадку мабілізацыі беларускія ўлады паспрабуюць прызваць 155 тысяч беларусаў, каб агульная колькасьць войска дасягнула 200 тысяч. Гэта, паводле слоў Азарава, можа прывесьці да катастрафічных наступстваў для рэжыму Лукашэнкі:
— З вайскоўцамі сёньня праводзяцца выхаваўчыя ідэалягічныя гутаркі. Вядома, вайскоўцы тэрміновай службы, якія толькі трапілі ў войска, нэгатыўна настроеныя, але іх апрацоўваюць з дапамогай расейскіх тэлеграм-каналаў, навін, ролікаў пра Z-вайну.
Беларускія генэралы служаць альбо Лукашэнку, альбо Пуціну. Яны могуць зьмяніць свае погляды ў залежнасьці ад таго, у чыіх руках будзе моц.
Афіцэры ніжэйшага зьвяна думаюць інакш. Яны ваяваць не жадаюць, але служаць па інэрцыі, выконваюць загады і не падаюць выгляду, што ім нешта не падабаецца. Мы размаўлялі зь беларускімі вайскоўцамі. Ваяваць ня хоча абсалютная большасьць, незалежна ад поглядаў — нават тыя, хто падтрымлівае Расею. Я б сказаў, 80–90% ня хочуць. Па ацэнцы нашых адмыслоўцаў, большасьць беларускіх вайскоўцаў у выпадку ўварваньня будуць шукаць шляхі пазьбегнуць выкананьня загаду, дэзэртаваць.
Прадстаўнік выведкі Ўкраіны Андрэй Чарняк не падзяляе думкі Аляксандра Азарава. Паводле яго слоў, беларускія вайскоўцы выканаюць любы загад, нават злачынны — уварвацца ва Ўкраіну.
Нягледзячы на тое, што ўкраінская і заходнія выведкі не назіраюць прыкмет падрыхтоўкі наступу з поўначы, у абласьцях Украіны, якія мяжуюць зь Беларусьсю, будуюцца фартыфікацыйныя збудаваньні і мінуюцца межы. Таксама ў прымежных раёнах знаходзіцца групоўка ўкраінскіх войскаў.
Генэрал-лейтэнант УСУ Аляксандар Паўлюк заявіў, што ў выпадку паўторнага наступу з боку Беларусі ўкраінскія сілы абароны плянуюць спыніць яго яшчэ на мяжы. «Да таго ж па групоўцы войскаў у Беларусі сплянаваны агонь артылерыі, работа снайпэрскіх груп і мабільных агнявых груп», — дадаў Паўлюк.