Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна плянуе правесьці «саміт міру» ў штаб-кватэры ААН на гадавіну поўнамаштабнанага нападу Расеі


Расейскі бронетранспартэр МТ-ЛБ гарыць у полі на ўскраіне Ізюма, Харкаўская вобласьць, 14 верасьня 2022
Расейскі бронетранспартэр МТ-ЛБ гарыць у полі на ўскраіне Ізюма, Харкаўская вобласьць, 14 верасьня 2022

Расейскія войскі страцілі каля 740 чалавек асабовага складу за папярэднія суткі, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба Узброеных сіл Украіны 13 студзеня.

Улады Ўкраіны зьбіраюцца правесьці «сусьветны саміт» у штаб-кватэры ААН 24 лютага — у гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Пра гэта 12 студзеня ў інтэрвію агенцтву Anadolu заявіў амбасадар Украіны ў Турэччыне Васіль Боднар.

Па словах дыплямата, Украіна гатовая да міру, і раней Зяленскі сфармуляваў дзесяць прынцыпаў, на аснове якіх краіна магла б заключыць мірнае пагадненьне.

У той жа час у пачатку студзеня прадстаўнікі ААН заяўлялі, што пакуль не рыхтуюцца да «саміту міру».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў лістападзе ў выступе перад удзельнікамі саміту «Вялікай дваццаткі» прадставіў «украінскую формулу міру» — рэальны плян спыненьня вайны з Расеяй. У «пляне Зяленскага» дзесяць пунктаў.

Раней у ААН прэзыдэнт Украіны заявіў, што яго формула прадугледжвае стварэньне трыбуналу супраць Расеі, выплату Кіеву кампэнсацыі за вайну, аказаньне Кіеву фінансавай і вайсковай падтрымкі з боку заходніх краін, абмежаваньне цаны расейскіх рэсурсаў і аднаўленьне тэрытарыяльных межаў Украіны. Масква пракамэнтавала гэтыя моманты асобна, заявіўшы, што не гатовая да такіх умоў.

Тым часам, паводле зьвестак украінскага камандаваньня, агульныя страты расейскай арміі за час поўнамаштабнага ўварваньня склалі каля 114 130 вайскоўцаў.

Генштаб Украіны таксама прыводзіць абноўленыя дадзеныя аб стратах расейскай тэхнікі:

  • 3098 танкаў (+4 у суткі)
  • 6167 баявых браняваных машын (+8)
  • 2086 артылерыйскіх сыстэм (+4)
  • 437 рэактыўных сыстэм залпавага агню
  • 218 сродкаў супрацьпаветранай абароны
  • 286 самалётаў (+1)
  • 276 верталётаў
  • 1865 бесьпілётнікаў апэратыўна-тактычнага ўзроўню
  • 723 крылатыя ракеты
  • 17 караблёў і катэраў
  • 4833 аўтамабіляў і аўтацыстэрнаў (+7)
  • 184 адзінкі спэцыяльнай тэхнікі

Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Марк Мілі заявіў 10 лістапада, што страты Расеі ў вайне складаюць ня менш за 100 тысяч забітымі і параненымі.

Па словах Мілі, верагодна, падобныя страты панесьлі і Ўзброеныя сілы Ўкраіны. Акрамя таго, ён паведаміў, што з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі каля 40 тысяч мірных жыхароў.

  • Расея не раскрывае зьвестак аб сваіх загінулых. Мінабароны РФ апошні раз агучавала дадзеныя аб стратах 21 верасьня, паведамляючы пра 5937 загінулых.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG