«Мяне засмучалі маршы з кветачкамі»
У Менску Міхаіл трэнаваў дзяцей і падлеткаў, пісаў апавяданьні і раманы пра вайну ў стылі фэнтэзі і ваенна-прыгодніцкай прозы. Ён кажа, што ў 2020 годзе хадзіў на барыкады ў ноч з 9 на 10 жніўня і пазьней на розныя маршы.
«Але затрыманьняў я ня меў. Таму што „шыфраваўся“, ня браў з сабой тэлефона, не рабіў аніякіх сэлфі. І яшчэ я быў засмучаны гэтымі маршамі з кветачкамі. Яно было прыгожа і міла, але ня мела аніякай пэрспэктывы. Асабліва калі прапанавалі хадзіць не вялікімі маршамі, а раённымі, па дварах, потым — па кухнях. Ня мог рэжым абваліцца ад таго, што мы ходзім па вуліцы. Гэта была такая шкодная думка, якая чамусьці пранікла ў масавую сьвядомасьць», — кажа беларус.
Міхаіл дадае, што ў 2014 годзе, калі пачалася ўзброеная агрэсія Расеі супраць Украіны, ён хацеў паехаць на вайну.
«Гэта было больш на эмоцыях; ня так, як цяпер, — узважана. Я нават спакаваў рэчы. Але, каюся, паверыў у абсалютна фальшывы дэбільны сюжэт пра „расьпятага хлопчыка“. Потым стала вядома, што гэта лухта і фэйк, але тады я ўсё-ткі застаўся ў Беларусі. Адчуваў згрызоты сумленьня ад таго, што не паехаў», — кажа добраахвотнік.
«Спрабаваў трапіць ва Ўкраіну яшчэ ў сакавіку 2022-га»
Беларус кажа, што спрабаваў «прарвацца» ва Ўкраіну яшчэ ў сакавіку 2022 году. Тады не атрымалася. Пачаў шукаць легальныя шляхі, рабіць візу ў Эўропу. З гэтым таксама не было проста.
«Не сядзеў склаўшы рукі. Бегаў, трэнаваўся, загартоўваўся. Паміж прабежкамі дома і тут вялікая розьніца. Калі бегаеш у звычайным адзеньні і калі ў разгрузцы (з вайсковым рыштункам і зброяй. — РС). Але нічога не было дарэмна», — кажа Міхаіл.
У выніку ён прыехаў у Польшчу. Расказвае, што зьвязваўся з палком Каліноўскага.
«Але вельмі доўга праходзіла іхная вэрыфікацыя, таму абсалютна выпадкова я выйшаў на падразьдзяленьне „Пагоня“. І цяпер я ва Ўкраіне», — кажа беларус. Пасьля агульнай падрыхтоўкі ён праходзіць навучаньне па спэцыяльнасьці «кулямётчык».
Міхаіл далучыўся да беларускага падразьдзяленьня «Пагоня», якое ўвайшло ў склад Другога інтэрнацыянальнага легіёну. Падразьдзяленьнем беларусаў камандуе Аляксей «Сябар» Манчынскі.
«Зразумела, я думаю пра сьмерць. Але асабіста мне здаецца, што быць забітым ня так страшна, як застацца калекам. Я вернік, таму мне прасьцей. Тое, што я паехаў сюды, гэта ня столькі пытаньне нейкай мужнасьці і адвагі. Ёсьць у Беларусі людзі больш адважныя, чым я. Проста ну мусіць жа нехта ехаць, а не вучыць на Youtube ці ў блогах, «як трэба зваліць рэжым», — кажа Міхаіл.
«Ня веру, што рэжым Лукашэнкі падзе «аўтаматам»
Міхаіл скептычна ставіцца да тэзы, што пасьля перамогі Ўкраіны (у якую ён верыць) «аўтаматычна падзе рэжым у Расеі і заадно ў Беларусі».
«Можа быць такое, не выключаю, што мы пакуль ня вернемся ў Беларусь. Я веру ў перамогу Ўкраіны. Але што аўтаматам падзе беларускі рэжым, ня веру. Ён можа пратрымацца і да таго часу, як Лукашэнку будзе 85 гадоў. Кажуць некаторыя, што „мы пойдзем пасьля перамогі Ўкраіны вызваляць Беларусь“. Але ці патрэбна беларусам у Беларусі вайна? Калі яны пойдуць на тэрыторыю Ўкраіны — гэта будзе зусім іншая гісторыя. Асабіста я для сябе вырашыў, што буду падпарадкоўвацца камандаваньню», — кажа беларус.
Ён лічыць, што, удзельнічаючы ў вайне ва Ўкраіне, беларусы ваююць «за мір на нашай невялікай плянэце». «Каб ніхто і ня думаў пазьней, што вялікая па тэрыторыі краіна можа па сваім жаданьні напасьці на суседку і адбіраць тэрыторыі, каб і ў іншых краін не было такой спакусы».