Пры гэтым 11 байцоў атрымалі раненьні. Сярод іх у тым ліку вайскоўцы з пазыўнымі «Тор», «Дэн» і «Ваўкалак», а таксама тры парамэдыкі.
Пра самаадчуваньне байцоў Zerkalo паразмаўляла з камандзірам эвакуацыйнай групы «Волат» Анастасіяй «Север» Махамед.
Па словах Анастасіі, 31 сьнежня раненьні атрымалі шасьцёра: двое — асколачныя. Гэта «Тор» і «Дэн».
«У Тора невялікае асколачнае раненьне ў правую нагу і літаральна драпіна на левай назе, — кажа Анастасія. — Цяпер ён праходзіць лячэньне, скажам так, не спэцыфічнае. Гэтыя раны павінны самі зацягнуцца. Зашываць іх нельга — такія правілы лячэньня ўсіх раненьняў такога тыпу. Яны зацягваюцца самастойна або празь нейкі час ужо можна дапамагчы ім зацягнуцца. Раны неглыбокія і няцяжкія. Мы спакойныя за стан Тора. Трэба проста пару дзён на аднаўленьне. Дэн атрымаў асколачнае раненьне ў вобласьць твару. У яго засталіся аскепкі ўнутры косткі. Прынята рашэньне пакуль іх не вымаць, бо зрабіць гэта вельмі цяжка, апэрацыя будзе вельмі складаная. У тым становішчы, у якім зараз ёсьць асколак, ён ня будзе яму перашкаджаць. І самае галоўнае — няма пагрозы паўторных крывацёкаў».
Яшчэ чацьвёра байцоў атрымалі кантузіі рознай ступені цяжкасьці. У тым ліку і сама Настасься: у яе кантузія лёгкай ступені.
«Я выйшла паразмаўляць па рацыі з нашым сувязістам, бо ў памяшканьні, дзе я сядзела, не было сувязі, — расказвае парамэдык. — Якраз быў прылёт у будынак. Я апынулася паміж дзьвюма вузкімі бэтоннымі сцэнамі. У гэты момант ты літаральна адчуваеш, як выбуховая хваля пачынае хадзіць паміж сьценкамі. Узьняўся ціск. Але вушы, на шчасьце, цэлыя. Першы час паднімаўся ціск, кружылася галава, ванітавала, але цяпер стан нармальны. Я атрымліваю спэцыфічнае лячэньне па-за шпіталем. Шпіталізавацца не было магчымасьці, бо трэба было камусьці працаваць, а я сваіх адпусьціла на Новы год. Людзей можна было выклікаць, але мяне б усё роўна зьмянілі не раней за трэцяга студзеня (а мы дамаўляліся на чацьвёртае). Таму спакойна дапрацавала (стан мне гэта дазваляў) і зьмянілася».
Астатнія чацьвёра кантужаных, паводле Анастасіі, таксама атрымліваюць лячэньне ў сябе на базе.
«Ёсьць пару чалавек, якія праходзяць дадатковыя абсьледаваньні ў ЛОР-лекараў, бо ў іх паўторныя кантузіі і ім трэба пераканацца, што няма дадатковых ускладненьняў», — тлумачыць Настасься.
Падчас баёў 3-4 студзеня раненьні атрымалі пяцёра каліноўцаў. Зь іх трое з кулявымі раненьнямі, адзін — з аскепачным і адзін — з кантузіяй.
«Баец Тор, які атрымаў раненьне, эвакуаваўся адным з апошніх. Таму што ён быў гатовы прыкрываць адступленьне іншых хлопцаў. Ён у нас кулямётчык, які заўсёды вельмі актыўна ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях, — апавядае Анастасія. — Яшчэ адзін баец атрымаў раненьне ў вобласьці шыі. Куля зачапіла лёгкае і ўрэзалася ў лапатку. Але, на шчасьце, у вобласьць кута. На функцыянал пляча гэта не ўплывае. Там чыстая рана і чалавек сябе адчувае выдатна. Адновіцца ён у кароткія тэрміны».
Тады ж атрымаў кантузію і баец з пазыўным «Тунгус». Настасься кажа, што Тунгус адчувае сябе «нармальна», зараз яго больш непакоіць прастуда.
«Пасьля Бахмуту многія вярнуліся з катарам, ангінамі і таму падобным, праз халодныя скляпеньні», — тлумачыць парамэдык.
Адным з байцоў, якія атрымалі раненьне 4 студзеня, быў Дзяніс Урбановіч з пазыўным «Ваўкалак».
«Куля зайшла ў грудную клетку і ў выніку трапіла ў брушную паражніну, — расказвае Настасься. — Ён ужо даўно не ў рэанімацыі, а ў агульнай палаце. Адчувае сябе добра, яму дазволілі есьці. Мы, вядома, вельмі за яго хваляваліся. Гэта было вельмі цяжкае раненьне, было шмат цяжкасьцяў. Шмат у чым Ваўкалак абавязаны жыцьцём парамэдыку, які аказаў яму першую дапамогу і кантраляваў сытуацыю да апошняга, быўшы параненым сам».
Настасься кажа, што выпадак з параненым парамэдыкам — асаблівы. Першапачаткова сам мэдык думаў, што яго зачапіла па датычнай.
«Калі ён перадаваў мне Ваўкалака, сказаў: „У мяне нешта ў сьпіну па датычнай, няма часу глядзець“. І, па сутнасьці, уцёк назад. На той момант атрымалася, што з другім парамедыкам, які знаходзіўся на пазыцыях, не было сувязі (у нас была дрэнная сувязь за кошт працы РЭБ — радыёэлектроннай барацьбы). І было незразумела, у якім ён становішчы, дзе ён знаходзіцца. Таму я дазволіла парамэдыку, які выратаваў Ваўкалака, вярнуцца на пазыцыю — у яго не было прыкметаў ні шоку, ні нейкіх парушэньняў. Ён нават ня быў бледным — актыўны, жвавенькі, толькі на вопратцы плямка крыві невялікая. І ўжо толькі потым у тры гадзіны дня (пасьля раненьня а 8-й раніцы) яму зрабілі здымак. Мы выявілі, што гэта не аскепак, як меркавалі першапачаткова, а куля. Яна зайшла ў грудную клетку, практычна наскрозь прабіла правае лёгкае і засталася. Пры гэтым у яго нічога не балела, ніякіх прыкмет пнэўма- або гемотораксу. Да здымка ён аказваў дапамогу, бегаў. Нават папрасіў зьезьдзіць на базу, сабраць рэчы і адпачыць. Улічваючы стан, я дазволіла. Ну а потым высьветлілася, што гэта куля».
У панядзелак парамэдыку ў Кіеве зрабілі апэрацыю і дасталі кулю. Па словах Анастасіі, пачуваецца ён добра і «рвецца ў бой».
Таксама падчас баёў на ўскрайку Бахмута лёгкую кантузію атрымаў і другі парамэдык, зь якім не было сувязі.
«Атрымлівае зараз лячэньне на нашай базе недалёка ад Бахмута і выходзіць на баявыя задачы. Адчувае сябе добра і актыўна працуе, — адзначае Махамед. — Што тычыцца нашых парамэдыкаў, то я імі ганаруся. Выдатныя хлопцы. Большая частка зь іх — гэта людзі без мэдычнай адукацыі, якія проста на сваім энтузіязьме вельмі шмат вучацца, пастаянна разьвіваюцца. У іх такія навыкі і веды, што многія людзі, якія гадамі працуюць на „хуткай“, маглі б ім пазайздросьціць».
Між тым, як паведамляла прэсавая служба, параненыя каліноўцы атрымліваюць дапамогу ня толькі ад палка, але і ад Украіны: гэта належныя выплаты і высокакваліфікаваная мэдычная дапамога.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.