Карэспандэнты тэлеканалу «Белсат» правялі ўласнае расьсьледаваньне.
Пра гібель вагнэраўца «Белсату» стала вядома з уласных крыніц. Ім аказаўся 30-гадовы Аляксей Цішкевіч з Брагіна ў Гомельскай вобласьці.
Па першапачатковай інфармацыі, беларус быццам бы загінуў 1 студзеня падчас удару Ўзброеных сілаў Украіны па месцы дыслякацыі мабілізаваных у расейскае войска ў Макееўцы.
Аднак з крыніц, блізкіх да сям’і, журналістам удалося высьветліць, што Цішкевіч загінуў яшчэ 26 лістапада 2022 году ў баях пад Бахмутам. Прычынай гібелі стала раненьне. «Пэўна, загінуў ад удару ракеты», — выказалася адна з крыніц у размове з карэспандэнтамі.
Пра гібель мужчыны яго сваякам паведамілі толькі 3 студзеня. Бацька Аляксея езьдзіў самастойна ў Варонеж, каб забраць цынкавую труну зь целам загінулага. 8 студзеня нябожчыка пахавалі ў вёсцы Вуглы Брагінскага раёну, на радзіме ягонай бабулі.
Паводле крыніц тэлеканалу, труну сямʼя не адкрывала і цела ніхто з родных і блізкіх не апазнаваў, бо з моманту гібелі «прайшло шмат часу». У Варонежы бацька загінулага атрымаў даведку аб сьмерці, у якой апісаныя яе прычыны і месца.
Няма дакладнай інфармацыі, якім чынам Аляксей Цішкевіч апынуўся ў падразьдзяленьнях ПВК пад Бахмутам. Па непацьверджанай інфармацыі, ён трапіў у наёмнікі з калёніі, дзе павінен быў адбываць 15 гадоў зьняволеньня паводле «наркатычнага» артыкулу.
Вядома таксама, што Цішкевіч двойчы быў судзімы ў Беларусі за кватэрныя крадзяжы. Першы тэрмін атрымаў адразу пасьля заканчэньня школы, у 2008 годзе, другі — у 2010-м.
Карэспандэнты «Белсату», выдаўшы сябе за сяброў сямʼі загінулага, таксама паспрабавалі высьветліць у прадстаўніка Міністэрства абароны Беларусі, ці магчыма сямʼі атрымаць грашовую кампэнсацыю ці дапамогу. Прадстаўнік Мінабароны адзначыў, што «ўся гэтая гісторыя не мае дачыненьня да Міністэрства абароны Беларусі», але параіў зьвяртацца непасрэдна ў ПВК «Вагнэр», падкрэсьліўшы, што дае параду як прыватная асоба.
На адным з сайтаў, які адносяць да ПВК «Вагнер», адкрыта пазначана, што кантракты на ўдзел у вайне супраць Украіны заключаюцца ня толькі з грамадзянамі Расеі, але і іншых постсавецкіх краін. Пры гэтым у Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасьць за ўдзел грамадзян Рэспублікі Беларусь ва ўзброеных фармаваньнях іншых краін, адзначае «Наша ніва».