Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку ўдару УСУ ў Луганскай вобласьці маглі загінуць больш за 80 чалавек — у асноўным рабочыя з Новасібірску, — расьсьледаваньне Свабоды


Школа пасьля ўдару
Школа пасьля ўдару

У выніку ўдару УСУ па вёсцы Лантратаўка на акупаванай частцы Луганскай вобласьці маглі загінуць больш за 80 чалавек, большая частка зь іх — вахтавыя рабочыя з Новасібірску, якія прыехалі рыць акопы і ўсталёўваць доўгачасовыя абарончыя пункты.

Гэта вынікае з расьсьледаваньня журналістаў расейскай службы Радыё Свабода.

16 сьнежня мінулага году прадстаўнікі так званага «ЛНР» паведамілі пра абстрэл школы ў вёсцы Лантратаўка. Яны сьцьвярджалі, што ў школу трапілі тры ракеты, выпушчаныя з устаноўкі «Хаймарс», «загінулі 11 мірных жыхароў, 17 чалавек атрымалі раненьні». Іншых падрабязнасьцей прадстаўнікі «ЛНР» не прывялі.

Тады прарасейскія паблікі і акаўнты ў сацыяльных сетках пісалі, што ў Лантратаўцы «загінулі будаўнікі, якія прыехалі аднаўляць інфраструктуру» нібыта з «ЛНР» і Харкаўскай вобласьці. Аднак журналісты расейскай службы Радыё Свабода высьветлілі, што насамрэч сярод загінулых у Лантратаўцы былі пераважна расейцы, якія прыехалі на акупаваныя тэрыторыі на заробкі.

Журналісты знайшлі «ЎКантакце» акаўнт жыхара аднаго з расейскіх рэгіёнаў, які публікаваў фатаграфіі і відэа сьвежавыкапаных акопаў і ДАТаў (доўгачасовыя абарончыя пункты) і ў сьнежні знаходзіўся ў горадзе Валуйкі Белгарадзкай вобласьці, дзе, мяркуючы па ўсім, жылі найманыя рабочыя. Журналісты высьветлілі, што здымкі былі зробленыя за кілямэтар ад Лантратаўкі. Гэты ж мужчына пазьней апублікаваў фатаграфіі наступстваў абстрэлу сяла.

Журналісты пагаварылі зь ім і высьветлілі, што ў Луганскую вобласьць ён прыехаў, патэлефанаваўшы па аб’яве кампаніі «БудКом». Суразмоўца расказаў таксама падрабязнасьці пра абстрэл школы ў Лантратаўцы.

«Цяпер нас вывелі, сказалі, што пачаліся ваенныя дзеяньні. У Лантратаўку з намі прыехалі два аўтобусы з Новасібірску, з страхарамі і цесьлярамі. Нас вазілі кожны дзень празь мяжу, а іх пасялілі ў школе. Тры „Хаймарсы“ па наводцы, афіцыйна — 11 трупаў, неафіцыйна — 84. А 3 гадзіны ночы 3 ракеты, адна, потым праз 5 сэкундаў другая і трэцяя. Пакой майстроў разьнесла на шматкі», — цытуе выданьне словы мужчыны.

РС адзначае, што не змагло пацьвердзіць лічбу ў 84 загінулых з дапамогай іншых крыніц.

Раней тэлеграм-канал «Можем объяснить» расказваў, што фірма «СтройКом» публікавала абʼявы пра пошук рабочых, якім абяцалі плаціць да 210 тысяч расейскіх рублёў у месяц за працу ў раёне Данбасу. Паводле расейскай Свабоды, «СтройКом» набіраў новых ахвотных 7 сьнежня, гаворка ішла аб працах у Луганску, пасьля гэтага фірма публікавала толькі абʼявы аб працы на «новым абʼекце» ў раёне Запарожжа.

Расейская служба Радыё Свабода дадае, што адназначнага адказу на пытаньне аб тым, ці зьяўляюцца рабочыя з Расеі, якія прыяжджаюць на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, «законнымі вайсковымі цэлямі», няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG