«З тэрыторый, акупаваных Расеяй, было дэпартавана каля трох мільёнаў чалавек, у асноўным маладыя жанчыны і дзеці, — піша Снайдэр. — Сама меней 200 000, а магчыма, і да 700 000 дзяцей былі сілай вывезены ў Расею. (Для параўнаньня: нацысцкая Нямеччына падчас Другой сусьветнай вайны дэпартавала для асыміляцыі каля 200 000 польскіх дзяцей)».
Прапануем вашай увазе думкі амэрыканскага гісторыка.
«Калі Ўладзімір Пуцін кажа, што расейцы і ўкраінцы — адзін народ, ён мае на ўвазе, што ўкраінцы пагодзяцца з выкарыстаньнем сілы. Расейскае плянаваньне вайны зыходзіла з таго, што ўкраінская ідэнтычнасьць — нешта неглыбокае і прыўнесенае звонку, і што яе можна выкараніць хуткім ваенным ударам, фізычна зьнішчыўшы эліты, якія нібыта абапіраюцца на замежжа.
Гэтая форма генацыду аказалася немагчымай, бо яна грунтавалася на памылковых разьліках. Украінская самаідэнтыфікацыя распаўсюджана шырока і глыбока па ўсім насельніцтве Ўкраіны, і людзі самі бяруць на сябе ініцыятыву, каб дапамагчы краіне перамагчы ў вайне. У гэтым сэнсе ўкраінскую ідэнтычнасьць падчас вайны лягчэй назіраць, чым расейскую.
Сапраўды, гэтая вайна выклікае пытаньне: што такое Расея? Пуцін ня змог адказаць на гэтае пытаньне ў нейкім пазытыўным сэнсе. Калі ён нешта і прапанаваў, дык гэта прывязаць расейскую ідэнтычнасьць да ўкраінскай, хоць і не хацеў такога. Калі судзіць па расейскіх СМІ, дык расейцы цяпер разумеюць сябе пераважна як «анты-Ўкраіну».
Як рэкамэндавалі нацысцкі тэарэтык права Карл Шміт і расейскі фашыст Іван Ільін, расейская палітыка пачынаецца з вызначэньня ворага. Тут трэба сказаць, што такое вызначэньне ня можа быць дакладным. У афіцыйнай расейскай рыторыцы Ўкраіна як вораг робіцца сховішчам для ўсяго, што палохае прапагандыстаў: нацысты, геі, габрэі, нацысцкія геі-габрэі і г. д. Цяпер самай папулярнай ідэяй робіцца тое, што Ўкраіна — радзіма сатанізму. Гэта добра пасуе да вучэньня Ільіна.
Сярод расейскіх элітаў няма яснага вобразу Расеі. Аднак ёсьць схаваная расавая ідэя, якую можна ўбачыць у палітыцы. Пуцін падзяляе са сваімі крайне правымі прыхільнікамі заклапочанасьць дэмаграфічнай сытуацыяй: маўляў, хутка нас будзе недастаткова, а іх будзе зашмат.
Хоць Расея і ня здолела дасягнуць ва Ўкраіне ваенных задачаў, пастаўленых сваімі лідэрамі, яна праводзіць амбітную палітыку расавай трансфармацыі. І тут я маю на ўвазе не палітыку генацыду супраць Украіны (хоць мы пабачым, што гэтыя дзьве рэчы перасякаюцца), а унутрырасейскую эўгеніку — спробу сфармаваць «здаравейшы» расейскі народ з дапамогай барацьбы.
З пачаткам вайны і абвяшчэньнем мабілізацыі значная частка расейскай інтэлігенцыі і сярэдняй клясы выехала за мяжу. З гледзішча Пуціна, гэта было неабходнае «самаачышчэньне», падчас якога Расея «выплюнула» здраднікаў (ягоныя словы), як жамяру. Падчас пачатковага этапу ўварваньня, а потым сярод мабілізаваных была вышэйшая, чым агулам у насельніцтве, доля этнічных меншасьцяў. Гэта таксама мяняе этнічны склад насельніцтва Расеі, робячы яго больш «расейскім». Па-трэцяе, Расея цяпер вызваляе свае турмы і пасылае гэтых людзей ваяваць і гінуць ва Ўкраіне. Гэта таксама адкрыта падаецца як ачышчэньне расейскага насельніцтва.
Усе гэтыя дзеяньні зьмяншаюць насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі. Але чацьвёртае расавае дзеяньне больш чым кампэнсуе гэтыя страты. Гаворка пра сыстэматычны захоп украінскіх жанчын і дзяцей і іх дэпартацыю на прасторы Расеі.
З тэрыторый, акупаваных Расеяй, было дэпартавана каля трох мільёнаў чалавек, у асноўным маладыя жанчыны і дзеці. Сама меней 200 000, а магчыма, і да 700 000 дзяцей былі сілай вывезеныя ў Расею. (Для параўнаньня: нацысцкая Нямеччына падчас Другой сусьветнай вайны дэпартавала для асыміляцыі каля 200 000 польскіх дзяцей). Лёгіка ў тым, што гэтым жанчынам давядзецца выйсьці замуж за расейскіх мужчын, а дзеці вырастуць расейцамі.
Стратэгія дэпартацыі падпарадкоўваецца той жа лёгіцы, якая абгрунтоўвала і ўварваньне Расеі ва Ўкраіну: што ўкраінцы проста белыя протарасейцы, якія не ўсьведамляюць сваёй сапраўднай ідэнтычнасьці, і што іх можна перарабіць сілай. Дэпартаваныя жанчыны і дзеці праходзяць празь «фільтрацыйныя лягеры», у якіх мужчын, якіх лічаць безнадзейнымі ўкраінцамі, папросту забіваюць.
З гледзішча ўкраінцаў, гэта генацыд і прычына, чаму трэба перамагаць у вайне. Зь юрыдычнага гледзішча яны маюць рацыю: хоць расейскія афіцыйныя асобы працягваюць хваліцца тым, колькі дзяцей выкрала Расея, такая практыка ясна вызначаецца як генацыд канвэнцыяй 1948 году.
Ідзе дыскусія пра тое, ці фашысцкая дзяржава Расея. Эўгеністычны характар цяперашняй вайны мае дачыненьне да гэтай дыскусіі. Ужо дзесяцігодзьдзе Пуцін гаворыць пра сьвет бяз правілаў, сьвет няспыннай барацьбы за рэсурсы, якая вызначыць (калі працытаваць ягоную прамову з 2012 году), хто будзе лідэрам, а хто стане «аўтсайдэрам» і «непазьбежна страціць сваю незалежнасьць».
Калі Пуцін абвясьціў пра анэксію новых украінскіх тэрыторый у верасьні 2022 году, ён заявіў, што Расеі правілы ня тычацца, бо гэта асаблівая цывілізацыя. У гэтым выпадку ён цытаваў, як ён часта робіць, расейскага фашысцкага мысьляра Івана Ільіна.
Такім чынам, азначэньне Расеі застаецца «пустым»: гэта проста раса, якая перамагае іншыя народы ў змаганьні за рэсурсы, а змаганьне пачынаецца з расавага ачышчэньня. Здаецца, гэта фашысцкі погляд на стан рэчаў.
У гэтым сьвятле Расея робіцца «анты-Ўкраінай» яшчэ і ў іншым сэнсе. Украінская палітычная прэзэнтацыя ў вайне ня мае нічога агульнага з расай, а грунтуецца на грамадзянскай самаабароне. У той час як расейская эўгеніка ваеннага часу абапіраецца на страх перад будучыняй, украінцы настойваюць, што іх найвышэйшая мэта — свабода, у сэнсе адкрытай будучыні, поўнай магчымасьцяў.