У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што за паўгода дзеяньня візавага рэжыму з Расеяй на ўкраінскую тэрыторыю заехалі 10 расейскіх грамадзян.
«У асноўным гэта жанчыны і дзеці», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Летась з 1 ліпеня ва Ўкраіне ўвялі візавы рэжым для грамадзян Расеі. Расейцы могуць афармляць клясычныя платныя візы са стандартнай цаной і дазволеным тэрмінам знаходжаньня ва Ўкраіне да 90 дзён. Тыя грамадзяне Расеі, якія знаходзяцца ў трэціх краінах, могуць зьвяртацца па візу ва ўкраінскія пасольствы або консульствы.
У пачатку лістапада 2022 году Ўкраіна прыпыніла прыём і разгляд заяў ад грамадзян РФ, якія жадаюць іміграваць ва Ўкраіну або аформіць дазвол на жыхарства ў краіне. Забарона тычыцца тых грамадзян Расеі, якія ня маюць сваякоў ва Ўкраіне ці не працаўладкаваныя ва ўкраінскіх кампаніях і арганізацыях.
Гэтыя абмежаваньні не датычацца грамадзян РФ, якія: у шлюбных адносінах з грамадзянінам/грамадзянкай Украіны, зьяўляюцца дзецьмі або бацькамі грамадзян Украіны, зьяўляюцца крэўнымі сваякамі грамадзян Украіны, служылі ва Ўзброеных сілах Украіны тры і больш гадоў, прыбылі ва Ўкраіну для працаўладкаваньня з заключаным кантрактам.