Мабілізацыя ў Расеі працягнецца 15 студзеня, заявіў у камэнтары The Guardian намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня ваеннай выведкі Мінабароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі.
Скібіцкі сьцьвярджае, што Расея мае намер аддаць загад аб мабілізацыі каля 500 тысяч прызыўнікоў у студзені ў дадатак да 300 тысяч, прызваных у кастрычніку. На яго думку, новых мабілізаваных прыцягнуць для ўдзелу ў наступальных апэрацыях вясной і летам на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Паводле Скібіцкага, на новую мабілізацыю ў Расеі можа спатрэбіцца каля двух месяцаў, і магчымыя посьпехі расейскіх войскаў будуць залежаць ад таго, наколькі іх пасьпеюць добра падрыхтаваць і ўзброіць.
Намесьнік кіраўніка ўкраінскай ваеннай выведкі назваў «апошнім рыўком» наступныя шэсць-восем месяцаў. «Калі Расея прайграе на гэты раз, то Пуцін пацерпіць крушэньне», — сказаў Вадзім Скібіцкі.
- Расейскі бок адмаўляе неабходнасьць новай мабілізацыі. У канцы сьнежня прэзыдэнт Пуцін казаў, што набранай цяпер колькасьці людзей «дастаткова».
- Выданьне Moscow Times пісала, што расейскім мэдыя забаранілі распаўсюджваць любыя выказваньні аб мабілізацыі, нават калі пра гэта кажуць сябры Дзярждумы ці Рады Фэдэрацыі.
- 20 сьнежня Пуцін падпісаў распараджэньне аб стварэньні групы па каардынацыі мабілізацыі.
- Тыдзень таму міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў і кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявілі, што ў пачатку студзеня Расея абвесьціць чарговую хвалю мабілізацыі і закрые межы для мужчын. Буданаў прагназаваў, што закрыць межы для выезду расейцам ва ўзросьце да 55 гадоў з тэрыторыі Расеі і Беларусі рыхтуюцца 5 студзеня, аднак, паводле наяўных зьвестак, гэтага не адбылося.