Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: Прыгожын хоча атрымаць кантроль над шахтамі ў раёне Бахмуту


Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Паводле зьвестак адміністрацыі ЗША, за час вайны ва Ўкраіне загінулі больш за 4100 наймітаў з кампаніі «Вагнэр», у тым ліку ў баях за Бахмут — звыш 1000 чалавек.

Злучаныя Штаты лічаць, што ўладальнік прыватнай расейскай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын зацікаўлены ў кантролі над здабычай солі і гіпсу з шахтаў у навакольлях Бахмуту.

Пра гэта 5 студзеня заявіў афіцыйны прадстаўнік Белага дому.

Ён дадаў, што адміністрацыя ЗША мае інфармацыю пра тое, што «апантанасьць» Расеі і Прыгожына захопам Бахмуту, сярод іншага, абумоўлена фінансавымі матывамі.

Злучаныя Штаты раней абвінавачвалі расейскіх наймітаў у эксплюатацыі прыродных рэсурсаў у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Малі, Судане і іншых краінах для фінансаваньня вайны ва Ўкраіне. Масква адкідала гэтыя абвінавачваньні як «антырасейскую гістэрыю».

Прыгожын, які трапіў пад санкцыі заходніх дзяржаваў за сваю ролю ў дзейнасьці групы «Вагнэр», у чацьвер разьвітаўся з былымі зьняволенымі, якія ў складзе групоўкі ўдзельнічалі ў агрэсіі супраць Украіны на аснове кантракту, і заклікаў іх не паддавацца спакусе забіваць, калі яны вернуцца да цывільнага жыцьця.

З кампаніі «Вагнэр», якая налічвае амаль 50 000 наймітаў, больш за 4100 былі забітыя і звыш 10 000 параненыя. Пад Бахмутам з канца лістапада да пачатку сьнежня загінулі больш за 1000 наймітаў, паведаміў прадстаўнік Белага дому.

У канцы мінулага месяца Белы дом заяўляў, што група Вагнэра атрымала партыю зброі з Паўночнай Карэі, каб дапамагчы ўмацаваць расейскія сілы ва Ўкраіне, што сьведчыць пра рост ролі гэтай групы наймітаў у вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG