Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: з 2020 году больш за 8,5 тысяч чалавек рэпрэсавалі па крымінальных справах


Акцыя ў Вільні, прысьвечаная сытуацыі з палітвязьнямі. Ілюстрацыйнае фота.
Акцыя ў Вільні, прысьвечаная сытуацыі з палітвязьнямі. Ілюстрацыйнае фота.

У ліпені 2025 года ў Беларусі зафіксавана 64 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій — затрыманьняў, ператрусаў і гэтак далей, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна» у штомесячным аглядзе, на які зьвярнула ўвагу інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«У Беларусі захоўваецца крытычная сытуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, крымінальны перасьлед іншадумцаў, удзельнікаў грамадзкіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў», — адзначаюць праваабаронцы.

Працягваюцца затрыманьні па крымінальных справах, зьвязаных з уцечкай у лютым 2025 года даных з чата, куды тэлеграм-бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн» перанакіроўваў паведамленьні ад людзей з Беларусі, зьвяртаецца ўвага ў аглядзе.

На канец чэрвеня праваабаронцам вядома пра 35 фігурантаў справы «Беларускага Гаюна». Не менш за шэсьць зь іх ужо асуджана. Такая практыка, на думку праваабаронцаў, зьяўляецца «грубейшым парушэньнем права на свабоду выказваньня меркаваньняў, уключаючы права на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі, а таксама свабоды асацыяцый».

Паводле даных «Вясны», з 2020 года мінімум 8.519 чалавек сутыкнуліся з крымінальным перасьледам па палітычных матывах, у дачыненьні да не менш 7.190 чалавек вынесеныя палітычна матываваныя прыгаворы, 33 накіраваныя на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.

Нягледзячы на няспынны працэс вызваленьня палітвязьняў у сувязі з адбыцьцём тэрміну, зьмены меры стрыманьня і ў парадку памілаваньня, «іх колькасьць застаецца крытычна высокай», заяўляюць праваабаронцы: на канец ліпеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзілася 1.184 палітвязьняў, з іх 175 жанчын.

За чэрвень палітвязьнямі прызнаныя 48 чалавек, праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 18 былых палітвязьняў. Усяго з траўня 2020 года рашэньні аб прызнаньні палітвязьнямі прымаліся ў дачыненьні да 4.044 чалавек.

У зьняволеньні знаходзіцца 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

На волі ў сувязі з адбыцьцём тэрміну, вызваленьнем ад пакараньня або ў сувязі са зьменай меры стрыманьня знаходзіцца 2.860 чалавек, з якіх 593 жанчыны.

У рэжыме інкамунікада, без сувязі са зьнешнім сьветам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязьняў: Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч. Праваабаронцы атрымалі зьвесткі, што Алена Гнаўк доўгі час не мае сувязі са сваякамі.

На канец месяца вядома пра 47 палітвязьняў, якім тэрмін пазбаўленьня волі быў адвольна падоўжаны з выкарыстаньнем арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі). Усяго такой форме рэпрэсій падвергнулася не менш за 67 чалавек, некаторыя ўжо вызваленыя.

Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымяненьня катаваньняў і іншых формаў недапушчальнага звароту пры расьсьледаваньні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананьні адміністрацыйных і крымінальных пакараньняў па такіх справах: «Рэгулярна папаўняюцца сьпісы „экстрэмістаў“ і „тэрарыстаў“, „экстрэмісцкіх фарміраваньняў“ і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій. Аб’ектыўныя даныя з гэтых сьпісаў сьведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць сілу. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь зьмякчэньне або паслабленьне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі».

У аглядзе таксама гаворыцца, што пад пагрозай дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасьці палітвязьні рэгулярна прыцягваюцца да прымусовай працы, у тым ліку для вырабу прадукцыі ваеннага прызначэньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG