Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія кампаніі зьвяртаюцца ў суды, каб вярнуць грошы за сарваныя вайной беларускія кантракты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінскія кампаніі ўсё часьцей зьвяртаюцца ў суды, каб абавязаць беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў вярнуць пералічаныя ім грошы за прадукцыю, якую не змаглі атрымаць праз пачатак поўнамаштабнай расейскай вайны супраць Украіны.

Вядзецца пра кантракты ў розных галінах узаемнага беларуска-ўкраінскага гандлю — харчовай, фармацэўтычнай, мэталюргічнай, машынабудаўнічай і іншай прадукцыяй.

Найбольш такіх зваротаў украінскія суды прынялі ў канцы 2022 году. Большасьць гэтых спраў пачнуць разглядаць у 2023 годзе.

Свабода сабрала найбуйнейшыя судовыя справы.

Найбольш даўгоў у машынабудаўнікоў

Украінская кампанія «Будшляхмаш», якая займаецца рэалізацыяй камунальнай, дарожнай і спэцыяльнай аўтамабільнай тэхнікі, падпісала кантракт з Гандлёвым домам «МАЗ-Україна» за дзень да вайны, 23 лютага 2022 году, і пералічыла грошы. Вартасьць кантракту складала 48,3 мільёна грыўняў (звыш 1 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Большасьць тэхнікі, якую на той момант ужо завезьлі на ўкраінскую тэрыторыю, пасьпелі перадаць украінскаму пакупніку практычна зь першых дзён вайны да жніўня. Але ўкраінская дачка МАЗу засталася вінаватая яшчэ 1 мільён грыўняў. Суд пастанавіў спагнаць іх з кампаніі на карысьць «Будшляхмашу». Перад гэтым бакі прызналі кантракт нядзейным, хоць ён падпісваўся на адзін год.

У траўні праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі тэхніку, якую ўкраінская дачка МАЗу не пасьпела рэалізаваць ці перадаць пакупнікам. Арышт адбыўся ў межах крымінальнага расьсьледаваньня паводле ч. 5 артыкулу 191, ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прысвойваньне маёмасьці і фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны).

Горш, калі даўжнікі засталіся ў Беларусі

Найменш шанцаў вярнуць свае грошы маюць тыя кампаніі, якія падпісвалі кантракты ня з «дочкамі» беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне, а тымі, што знаходзяцца ў Беларусі.

Цяпер, улічваючы, што паштовыя зносіны між краінамі спыненыя, вельмі складана нават паінфармаваць беларускі бок аб пачатку судовага працэсу. Цяпер суд мусіць перадаць дакумэнты беларускаму даўжніку праз МЗС Украіны і ўкраінскую амбасаду ў Беларусі. Але суд зможа пачацца тады, калі ён атрымае пазыцыю пазванага, гэта значыць беларускага прадпрыемства. І нават калі суд ухваліць рашэньне аб спагнаньні запазычанасьці, ажыцьцявіць яго будзе складана, бо пакуль спынены міжбанкаўскія дачыненьні, а таксама кантакты між міністэрствамі юстыцыі. Такі працэс можа зацягнуцца на гады.

Менскі аўтамабільны завод вінаваты Сумскаму навукова-вытворчаму прадпрыемству «Промтрансенерго» 306,6 тысячы даляраў. Суд толькі ў канцы студзеня правядзе падрыхтоўчае пасяджэньне ў гэтай справе.

Найбольш уразьлівы малы бізнэс

Ва ўкраінскія суды зьвяртаюцца і невялікія кампаніі, якія атрымлівалі зь Беларусі сыравіну ці прадукцыю ў невялікіх аб’ёмах. Адпаведна і вартасьць кантрактаў была параўнальна невялікай.

Адэскае прадпрыемства «Дорінвест», якое займаецца вытворчасьцю вінаў, спрабуе спагнаць са свайго беларускага партнэра, заводу вінаградных вінаў «Пяць кантынэнтаў», які знаходзіцца ў Менскай вобласьці, амаль 60 тысяч даляраў. Прычына тая ж — невыкананьне або неналежнае выкананьне абавязкаў у пастаўцы тавараў ці паслуг.

Таварыства з дадатковай адказнасьцю «Брацлав» (Віньніцкая вобласьць) з кастрычніка 2022 году дабіваецца вяртаньня амаль 23 тысяч эўра ад пінскага сельскагаспадарчага ТАА «Эка Мілк».

Фармацэўтычная карпарацыя «Артеріум» (Кіеў) просіць суд спагнаць зь беларускага прадпрыемства «МэдФармІнвэст» амаль 90 тысяч даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG