«Беларусь падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны як палітычна, так і ў пляне лягістыкі. Мы адназначна асуджаем гэтае рашэньне», — падкрэсьлілі @bpn-info ў бюро прэс-сакратара МЗС Польшчы.
У ведамстве канстатавалі, што «пасьля жорсткага падаўленьня мірных пратэстаў беларусаў, якія пачаліся з прычыны фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году і штучна створанага міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе, 2022 прынёс самую вялікую вайну ў Эўропе пасьля 1945 году».
«Астуджэньне двухбаковых адносін нэгатыўна адбілася на адносінах беларускіх уладаў да Польшчы і польскай нацыянальнай меншасьці», — адзначылі ў міністэрстве.
Польшча працягне «прыкладаць намаганьні да таго, каб беларускія ўлады адышлі ад палітыкі нацыянальнай дыскрымінацыі і спынілі перасьлед польскай меншасьці, у тым ліку зьнішчэньне яе ідэнтычнасьці і гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Беларусі».
Варшава «і надалей будзе аказваць падтрымку беларусам, вымушаным пакінуць радзіму, і беларускай дэмакратычнай апазыцыі».
«Пры любой магчымасьці мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, што закладзе аснову для дыялёгу пра вырашэньне ўнутранага крызісу ў Беларусі і аднаўленьне даверу беларусаў», — заявілі ў польскім МЗС.
Пры гэтым зьнешнепалітычнае ведамства «разумее, што адкрытыя каналы сувязі неабходныя ў двухбаковых адносінах паміж суседнімі краінамі, бо любы крызіс у канчатковым выніку павінен вырашацца шляхам дыялёгу».
Польшча «заўсёды падтрымлівала і будзе падтрымліваць сувэрэнную і незалежную Беларусь», падкрэсьлілі ў МЗС Польшчы.