Разьвітаньне з Пэле адбываецца ў Сантусе на стадыёне «Віла Бэльміра» («Эстадыа Ўрбана Калдэйра») — арэне роднага клюбу футбаліста, дзе той правёў амаль усю кар’еру, стаўшы яго найлепшым бамбардзірам за ўсю гісторыю. У 636 матчах за «Сантус» Пэле забіў 618 галоў.
Каля стадыёну прадаюць футболкі з выявай Пэле і саколкі зборнай Бразыліі з нумарам 10, пад якім гуляў «Кароль футболу», як яго часта называюць.
Труна зь целам Пэле, які памёр у 82 гады, стаіць на полі стадыёну, падысьці да яе могуць усе ахвотныя. Утварыліся доўгія чэргі. Пахаваньне адбудзецца падчас прыватнай цырымоніі, гэта значыць пры абмежаванай колькасьці людзей. Твар Пэле накрыты вэлюмам, вакол труны шмат кветак.
На разьвітаньне з Пэле прыехала шмат знакамітых людзей, у тым ліку прэзыдэнт ФІФА Джаньні Інфантына, які заявіў, што ў кожнай краіне можна перайменаваць адзін стадыён у гонар Пэле.
Кніга рэкордаў Гінэсу прызнае за Пэле рэкорд па колькасьці забітых галоў у кар’еры з паказчыкам у 1279 мячоў за 1363 матчы. Яшчэ з эпохі актыўнай футбольнай кар’еры ў 50-70-хх гг. сотні гульцоў, трэнэраў і журналістаў называлі менавіта Пэле найлепшым футбалістам усіх часоў.
Бразылец са сваёй зборнай тры разы станавіўся чэмпіёнам сьвету, што пакуль не паўтарыў ніхто ў сьвеце. Пры гэтым цікава, што Пэле ані разу ня выгуляў з нацыянальнай камандай Кубак Амэрыкі — самы прэстыжны турнір для паўднёваамэрыканскіх зборных пасьля чэмпіянату сьвету. У клюбнай кар’еры ў складзе «Сантусу» на рахунку Пэле шэраг нацыянальных і міжнародных тытулаў, у тым ліку два неафіцыйныя званьні найлепшага клюбу сьвету (перамога ў Міжкантынэнтальным кубку).
Пэле (сапраўднае імя Эдсан Арантыс ду Насімэнту)— наймаладзейшы ўладальнік Кубка сьвету ў гісторыі. На момант перамогі над швэдамі ў 1958 годзе Пэле было 17 гадоў і 249 дзён. Таксама ён стаў другім футбалістам, які забіваў у двух фінальных матчах чэмпіянатаў сьвету, першым быў ягоны зямляк Вава. Міжнародная фэдэрацыя футбольнай гісторыі і статыстыкі (IFFHS) прызнала Пэле найлепшым футбалістам ХХ стагодзьдзя, а Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) — найлепшым спартоўцам стагодзьдзя.
Пэле тры разы быў жанаты, меў двух сыноў і чатырох дачок.
З 1994-га па 1997 год Пэле быў міністрам спорту Бразыліі, займаўся бізнэсам, прымаў удзел у шэрагу дабрачынных праектаў. Бацька бразыльца Дандыньё, як і сын Пэле Эдыньё, таксама былі футбалістамі.
Апошнія гады Пэле змагаўся з ракам, ягоны стан пэрыядычна пагаршаўся. У сьнежні 2022-га стала вядома, што легендарны футбаліст ужо ў крытычным стане здароўя, за некалькі дзён да скону зь ім разьвіталася сям'я.