Лінкі ўнівэрсальнага доступу

85% украінцаў супраць любых тэрытарыяльных саступак Расеі, нягледзячы на яе абстрэлы, — вынікі апытаньня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра ўстойлівае нежаданьне ўкраінцаў ісьці на тэрытарыяльныя саступкі Расеі.

У сеціве зьявіліся вынікі апытаньня Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі, праведзенага 4–27 сьнежня 2022 году.

«У траўні, ліпені і верасьні 2022 году мы задавалі пытаньні аб гатоўнасьці да тэрытарыяльных саступак для найхутчэйшага дасягненьня міру. Цяпер, у сьнежні 2022 году, мы задалі гэтае пытаньне паўторна, каб ацаніць дынаміку грамадзкіх настрояў», — гавораць кіеўскія сацыёлягі.

  • Для 85% апытаных ніякія тэрытарыяльныя саступкі непрымальныя.
  • Толькі 8% лічаць, што дзеля дасягненьня міру і захаваньня незалежнасьці можна адмовіцца ад некаторых тэрыторый.
  • У верасьні 87% лічылі саступкі недапушчальнымі, але розьніца зь цяперашнім паказчыкам знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасьці, а гэта значыць, ніякіх зьменаў фактычна не адбылося.
  • Таксама ў верасьні столькі ж, колькі цяпер (8%), выказваліся за перамовы і былі гатовыя аддаць пэўныя тэрыторыі Ўкраіны расейцам. Пры гэтым цяпер доля тых, хто не падтрымлівае тэрытарыяльных саступак, крыху вышэйшая за паказчык на травень 2022 году.

Ва ўсіх рэгіёнах Украіны абсалютная большасьць насельніцтва супраць любых тэрытарыяльных саступак. Сярод жыхароў Усходу, дзе зараз ідуць напружаныя баі, супраць саступак выступаюць 80% (гатовыя на саступкі — толькі 9%), а сярод жыхароў Поўдня — 82% супраць саступак (гатовыя — толькі 10%). У параўнаньні зь верасьнем сытуацыя ва ўсіх рэгіёнах больш-менш стабільная, адзначаюць сацыёлягі.

А сярод украінамоўных, двумоўных і расейскамоўных украінцаў (рэспандэнтаў, якія лічаць сябе ўкраінцамі па нацыянальнасьці) абсалютная большасьць супраць любых саступак.

«З кастрычніка Расея зьдзяйсьняе рэгулярныя тэрарыстычныя атакі на ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру, пакідаючы мільёны ўкраінцаў безь сьвятла, цяпла і вады. Відавочная мэта — тэрарызаваць насельніцтва і стварыць абстаноўку ўнутранай напружанасьці для ціску на вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны. Аднак дынамічны аналіз грамадзкіх настрояў сьведчыць, што ўсе гэтыя шматлікія выпады не паўплывалі на гатоўнасьць украінцаў ісьці на кампрамісы», — гаворыцца ў высновах сацыёлягаў.

Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) 4-27 сьнежня 2022 году правёў уласнае ўсеўкраінскае апытаньне грамадзкай думкі «Омнібус». На пытаньні адказвалі 2005 рэспандэнтаў, якія пражываюць ва ўсіх рэгіёнах Украіны, акрамя Крыму.

Апытаньне праводзілі паўналетнія (ад 18 гадоў) грамадзяне Ўкраіны, якія на момант апытаньня пражывалі на тэрыторыі Ўкраіны (да 24 лютага 2022 году ў межах, падкантрольных уладам Украіны).

У выбарку не ўвайшлі жыхары тэрыторый, якія да 24 лютага 2022 году часова не кантраляваліся ўладамі Ўкраіны (АР Крым, г. Севастопаль, асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей), а таксама апытаньне не праводзілася з грамадзянамі, якія пакінулі краіну пасьля 24 лютага 2022 году.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG