Паведамлялася пра работу сыстэм СПА у Кіеўскай, Віньніцкай, Харкаўскай, Жытомірскай абласьцях.
У Кіеве, паводле паведамленьняў, было зафіксавана каля 10 выбухаў. Паводле дадзеных мэра гораду Віталя Клічко, былі трапленьні ў аб’екты ў трох раёнах гораду. У Саломенскім раёне абломкі ракеты патрапілі ў жылы дом. Адзін чалавек загінуў.
Таксама зафіксавана трапленьне ў гатэль у Пячэрскім раёне ў цэнтры гораду. Паведамляецца пра 20 пацярпелых пры гэтых двух трапленьнях, сярод параненых журналіст з Японіі.
Украінскія рэсурсы публікуюць фота і відэа пацярпелага будынка гатэлю.
Разбурэньні ёсьць таксама ў Цярнопалі і Запарожжы.
У некалькіх абласьцях, у тым ліку Днепрапятроўскай, Адэскай, Кіраваградзкай, Мікалаеўскай, энэргетыкі прэвэнтыўна адключылі пастаўкі электрычнасьці большасьці спажыўцоў — гэта, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, у выпадку пашкоджаньня аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры прывядзе да меншых страт для энэргасыстэмы, чым калі б сыстэма была загружаная.
Паводле дадзеных Генштабу УСУ, Расея запусьціла больш за 20 ракет, 12 зь іх былі зьбітыя. Шэсьць ракет зьбілі ў межах Кіеўскай вобласьці, пяць над Жытомірскай і адну над Хмяльніцкай.
У Жырноўскім раёне Валгаградзкай вобласьці Расеі два прыватныя дамы былі пашкоджаныя пры падзеньні мэталічных абломкаў на ўскраіне вёскі Лінёва. Пра гэта паведамілі ўлады раёну. Паведамляецца пра пашкоджаньне двух жылых дамоў. Што за аб’ект трапіў у дому, незразумела; гаворка можа ісьці пра абломкі ракеты, выпушчанай па тэрыторыі Украіны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёньняшняя расейская атака — гэта ня вынік году, а «вынік лёсу самой Расеі».
«Дзяржава-тэрарыст не атрымае прабачэньня. А тыя, хто аддае загады на такія ўдары і тыя, хто іх учыняе, — не атрымаюць памілаваньня. Мякка кажучы. Некалькі хваляў ракетных удараў у пераднавагодні дзень. Ракеты супраць народу. Менавіта супраць народу», — заявіў Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны таксама асобна зьвярнуўся да расейцаў на расейскай мове, верагодна, камэнтуючы навагодні зварот Уладзіміра Пуціна.
«Ваш лідэр хоча паказаць, што ў яго за сьпінай вайскоўцы, што ён — наперадзе. Але ён якраз хаваецца. Хаваецца за вайскоўцамі, за ракетамі, за сьценамі сваіх рэзыдэнцый і палацаў.
Ён хаваецца за вамі, і сам спальвае вашу краіну і вашу будучыню. Тэрор вам ніхто не даруе. Ніхто ў сьвеце вам гэтага не даруе. Украіна не даруе», — сказаў Зяленскі.
- З 10 кастрычніка расейскія войскі з інтэрваламі прыкладна ў 10 дзён наносяць ракетныя ўдары па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У выніку хвалі ракетных нападаў многія аб’екты былі разбураныя або пашкоджаныя, што прывяло да масавых адключэньняў электрычнасьці, нярэдка таксама вады і цяпла, у многіх гарадах Украіны, у тым ліку ў Кіеве. У апошнія тыдні сьвятло ў жылых дамах большую частку сутак часта адсутнічае. Поўнага адключэньня энэргазабесьпячэньня, аднак, не адбылося, энэргасыстэма захоўвае зьвязнасьць.
- У штодзённай справаздачы брытанскай вайсковай выведкі, апублікаванай раніцай 31 сьнежня, выказвалася меркаваньне, што Расея можа нанесьці па Ўкраіне ракетныя ўдары падчас навагодніх сьвятаў — у спробе падарваць дух жыхароў краіны.
- Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што амаль 2 тысячы вайскоўцаў у сыстэме супрацьракетнай абароны Масквы будуць дзяжурыць на баявых пастах у навагоднюю ноч. Раней, як сьцьвярджала Мінабароны Расеі і заходняя прэса, украінскія бесьпілётнікі нанесьлі некалькі ўдараў па авіябазах у глыбокім тыле расейскіх войскаў — радыюс дзеяньня гэтых мадэрнізаваных савецкіх машын дазваляе нанесьці ўдар і па цэлях у Маскве. Кіеў афіцыйна не пацьвярджаў і не абвяргаў нанясеньне ўдараў.