Аб гэтым піша агенцтва Reuters са спасылкай на брытанскую аналітычную кампанію Airfinity.
Па падліках арганізацыі, агульная колькасьць сьмерцяў з 1 сьнежня, падобна, дасягнула 100 тысяч, пры гэтым усяго заразіліся 18 600 000 чалавек. У публікацыі адзначаецца, што кітайскія ўлады паведамляюць толькі пра некалькі тысяч выпадкаў заражэньняў на дзень, а з 7 сьнежня афіцыйна паведамлялася ўсяго пра 10 выпадкаў сьмерці ад каранавіруснай інфэкцыі.
Airfinity мяркуе, што сьмяротнасьць дасягне піку 23 студзеня і складзе каля 25 тысяч чалавек за дзень, а са сьнежня агульная колькасьць сьмерцяў дасягне 584 000 чалавек.
Пасьля заявы кампаніі стала вядома, што ЗША разглядаюць магчымасьць адбору узораў сьцёкавых водаў, узятых з самалётаў міжнародных рэйсаў, для адсочваньня любых новых варыянтаў COVID-19. Раней ЗША і шэраг іншых краін таксама заявілі, што падарожнікі зь Кітаю будуць абавязаныя мець адмоўныя тэсты на COVID-19.
- Рэзкі рост захворваньня на каранавірусную інфэкцыю пачаўся ў Кітаі ў пачатку сьнежня, неўзабаве пасьля таго, як у краіне было прынята рашэньне аслабіць карантынныя меры. Гэтаму папярэднічалі шырокія грамадзкія пратэсты супраць прынятай кітайскімі ўладамі палітыкі «нулявой цярпімасьці» да COVID-19, якая складалася з жорсткіх локдаўнаў у маштабах цэлых гарадоў і пагалоўнае тэставаньне насельніцтва.
- У выніку пратэстаў урад дазволіў аслабіць эпідэмічныя меры: зьмякчыць локдаўны, адкрыць для наведваньня ўстановы грамадзкага харчаваньня, крамы, кінатэатры і іншыя грамадзкія месцы. Аднак, як толькі меры былі аслаблены, у краіне рэзка вырасла колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19. На думку эпідэміёлягаў, з прычыны палітыкі татальнай ізаляцыі хворых большасьць жыхароў Кітая не змагла выпрацаваць імунітэт да каранавірусу.