Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналістка Луцкіна сустрэлася ў СІЗА з сынам, Паліну Шарэнду-Панасюк зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 сутак


Ксенія Луцкіна
Ксенія Луцкіна

Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1452 чалавекі. Аднак дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.

Бацька палітзьняволенай анкалягічна хворай Луцкіной расказаў «Народнай волі» падрабязнасьці яе сустрэчы з сынам.

«Сустракаліся зь ёй у СІЗА я, яе брат і сын Мацьвей. Размова доўжылася дзьве гадзіны. Выгляд у дачкі, безумоўна, хваравіты, тым больш што яна ня так даўно перахварэла або на бранхіт, або на запаленьне лёгкіх. У зьвязцы з анкалёгіяй гэта наагул жах. Адным словам, складана ёй», — расказаў Алег Луцкін.

Ксенія Луцкіна з сынам
Ксенія Луцкіна з сынам

Паводле яго, спатканьне Ксеніі з сынам было вельмі душэўным.

«Ксенія, натуральна, вельмі хацела пабачыць сына, тым больш што гэтая сустрэча адбылася акурат перад Новым годам. Таму іх спатканьне было вельмі душэўным і пранізьлівым, як заўсёды, не абышлося без сьлёз. Пасьля супакоіліся, нармальна пагаварылі».

  • Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі 28 верасьня на 8 гадоў калёніі паводле ч.1 арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
  • У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расьці пухліна ў галаўным мозгу, абвастрылася бранхіяльная астма. Ад пастаянных галаўных боляў журналістка вымушана прымаць абязбольвальнае.
  • Вядома, што Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Паліну Шарэнду-Панасюк зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 сутак

Муж Паліны Андрэй Шарэнда паведаміў пра гэта ў Facebook:

«Да гэтага Паліна ўжо больш двух месяцаў знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу). Такім чынам адміністрацыя калёніі №24 Зарэчча ў асобе палкоўніка ўнутранай службы Дзьмітрыя Мікалаевіча Курловіча «павіншавала» Паліну з надыходзячымі сьвятамі, зрабіўшы і без таго невыносныя ўмовы проста катавальнымі. Паліна сустрэне Новы год у прамерзлым падвале на абабітай жалезам драўлянай лаве замест ложку».

Нядаўна стала вядома, што супраць жанчыны зноў узбудзілі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». У красавіку Паліну ўжо асудзілі па ч. 2 арт. 411 КК. Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зьняволеньня яшчэ адзін год у калёніі.

Тэрмін ШЫЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ, нагадваюць праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG