Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітвязынка», «Бачная», «Яе экспэртыза». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2022 году


Сабралі найцікавейшыя жаночыя ініцыятывы і праекты 2022 году пра беларусак і для беларусак.

«Палітвязынка»

Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Ілюстрацыя з праекту «Палітвязынка»
Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк. Ілюстрацыя з праекту «Палітвязынка»

Мастацкі праект, прысьвечаны палітзьняволеным беларускам, стварылі журналістка Яўгенія Доўгая і мастачка Ганна Татур. Аўтаркі нагадваюць пра страшнае праз далікатныя партрэты палітзьняволеных жанчын.

Паводле Яўгеніі і Ганны, гэта робіцца, каб «зрабіць бачнымі нашых жанчын у рэпрэсіўным апараце самаабвешчаных уладаў Беларусі». На праект падпісаліся ўжо больш за тысячу падпісчыкаў/падпісчыц. Ужо апублікавана 75 гісторыяў беларускіх жанчын, якія знаходзяцца ў турме за грамадзянскую пазыцыю. Азнаёміцца зь дзейнасьцю ініцыятывы можна пад спасылкай.

На гэты момант праект працуе на валянтэрскіх умовах і мае патрэбу ў падтрымцы. У плянах — арганізаваць выставу праекту і выдаць кнігу.

«Бачная»

Праект Беларускага ПЭН-цэнтру пра беларусак, якіх варта ведаць.
У межах праекту аўтаркі расказваюць пра «беларускіх жанчын, якія сваімі талентамі, адвагай і працай заслужылі права называцца вялікімі. Нягледзячы на жыцьцё і станаўленьне ў грамадзтве, дзе дасягненьні — мужчынская прэрагатыва, яны здолелі на сваім прыкладзе паказаць, што гендэр не перадвызначае лёс чалавека, адрозна ад грамадзкіх стэрэатыпаў і ўстановак».

Аўтаркі праекту прапаноўваюць далучацца да спэцыяльнай старонкі ў Instagram, каб даведацца больш пра выдатных беларускіх жанчын — Натальлю Арсеньеву, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Эмілію Плятэр, Салямэю Русецкую ды іншых.

Girl power Belarus

Ініцыятыва Girl power Belarus была створаная яшчэ ў жніўні 2020 году падчас беларускіх пратэстаў, жорсткага гвалту сілавікоў у адносінах да жанчын і плённа працягвала працу ў 2022 годзе.

«У беларускай рэвалюцыі шмат у чым жаночы твар. Менавіта гэтымі жанчынамі мы натхняліся, ствараючы наш канал. Мы ўвесь гэты час пісалі пра нашых неймаверных, моцных і сьмелых беларусак. Мы пішам пра жанчын, падтрымліваем жаночыя правы, змагаемся супраць дыскрымінацыі па палавой прыкмеце. У жанчын не павінна быць менш палітычных, эканамічных і грамадзянскіх правоў проста таму, што яны жанчыны, а яшчэ іх правы павінны выконвацца на практыцы», — пішуць аўтаркі ініцыятывы.

Ініцыятыва працуе на валянтэрскіх асновах, але мае патрэбу і ў дапамозе.

Telegramhttps://t. me/girlspowerblr
Instagramhttps://www. instagram. com/girls. power. belarus/

«Яе экспэртыза»

Флэшмоб, у якім жанчыны расказваюць пра свае прафэсійныя праблемы і посьпехі.

Згаданая вышэй ініцыятыва Girl power Belarus прапанавала дзяліцца сваім досьведам пад хэштэгам #яеэкспертыза. У рамках флэшмобу многія беларускі расказалі, як ім даводзілася сутыкнуцца з праблемамі ў рэпрэзэнтацыі ці з ушчамленьнем правоў у прафэсійнай сфэры.

«Наша каманда з сумам назірае, як многія жанчыны-экспэрткі хочуць ня быць публічнымі праз атмасфэру ў грамадзтве, якая не дазваляе ім адчуваць свабоду ў выяўленьні. Ці сапраўды жанчын-экспэртак так мала? Можа, дакажам адваротнае?» — так тлумачыла запуск флэшмобу каманда Girl power Belarus.

«Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт»

Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт, Пфляўмбаўм 2022
Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт, Пфляўмбаўм 2022

Новая кніга жаночай выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». У анталёгіі сабраныя вершы ХХІ стагодзьдзя 63 беларускіх паэтак рознага ўзросту, досьведу і моваў.

Як піша ў прадмове паэтка Вальжына Морт, «менавіта таму я і люблю анталёгіі: не асобны прадукт для літаратурнага маркетынгу, а хор галасоў, прастора для мноства; кнігі, у якіх сабраная побач рознасьць і іншасьць. Менавіта таму іх немагчыма поўнасьцю любіць ці не любіць. Гэта кніжкі для пошуку: свайго, патрэбнага ў дадзены момант, новага, іншага. Мой падыход да адбору тэкстаў палягаў на тым, каб падрыхтаваць прастору тэкстаў для вашага плённага пошуку».

#SupportWomen. Дапамога жанчынам ва Ўкраіне, якія пацярпелі ад гвалту


Ініцыятыва беларускіх фэміністак дапамагчы жанчынам ва Ўкраіне, якія зазналі зьдзекі і гвалт падчас вайны.

Было сабрана больш за 10 тысяч эўра на мэдыкамэнты (кантрацэптывы, лекі з рэцэптам, Rape kit), якія перадалі ва Ўкраіну, а таксама на дапамогу і рэабілітацыю жанчын, якія перажылі гвалт ва Ўкраіне.

Women in Tech. Праект, які дапамагае жанчынам увайсьці ў IT

Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech
Удзельніцы канфэрэнцыі праекту Women in Tech

У 2022 годзе стартаваў праект Women in Tech, які дапамагае жанчынам увайсьці ў сфэру ІТ і зрабіць кар’еру. Цяпер у праграмах праекту вучацца больш за 500 удзельніц зь Беларусі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Украіны, Грузіі, Нямеччыны, ЗША і іншых краін.

Паводле мэнэджаркі праекту Ганны Самарскай, ідэя зьявілася, калі стала зразумела, што спатрэбяцца інфраструктурныя рашэньні для Беларусі, у прыватнасьці для жанчын:

«Унутры Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту нарадзілася ідэя стварыць праект, які б дапамагаў дзяўчатам і жанчынам, якія хацелі б працаваць у ІТ. Альбо тым, якія ўжо працуюць, умацаваць свае пазыцыі і адшукаць новыя кар’ерныя магчымасьці. Ідэю фінансава падтрымаў Эўразьвяз».

Лябараторыя фэм-пісьма «Расьцяжэньне» і зборнік тэкстаў беларусак па яе выніках

Зборнік «Расьцяжэньне» — вынік летняй лябараторыі фэм-пісьма, прысьвечанай пратэставай і эмігранцкай траўме. Лябараторыя працавала з чэрвеня па жнівень 2022 году.

«Раз на тыдзень мы зьбіраліся разам з запрошанымі беларускімі паэткамі і пісьменьніцамі для пошуку спосабаў працы з тэмай траўматычнага досьведу. Мы чыталі тэксты, абмяркоўвалі іх, спрабавалі розныя пісьменьніцкія інструмэнты, каб агучыць важныя для нас тэмы і перажываньні. Мы таксама зрабілі Telegram-групу для камунікацыі паміж удзельніцамі, дзе дзяліся карыснымі матэрыяламі і фасілітавалі працу над тэкстамі. Для падтрымкі групы мы прапаноўвалі індывідуальныя канфідэнцыйныя і ананімныя кансультацыі з псыхалягіняй», — расказваюць аўтаркі праекту.​

«Гэта беларуска»

Праект у Instagram, у якім узялі ўдзел больш за актыўных 50 беларусак, якія расказваюць як пра сябе, так і пра тое, што такое беларуская жанчына. Вось некалькі прыкладаў:

  • «Беларуска эмпатычная, вельмі моцная жанчына. Яна ведае, чаго хоча і да чаго імкнецца, у яе ёсьць плян і разуменьне, што для яе важна. Я думаю, яна моцна зьвязана зь Беларусьсю — той, якая адгукаецца ў яе сэрцы; яна аддадзена ўласным каштоўнасьцям і стаіць за іх да апошняга».
  • «Беларуска — гэта бясконцая моц. Беларуска — гэта вера, клопат і роўнасьць. Беларуска — гэта пра бязьмежную падтрымку, гэта пра самае моцнае сяброўства, гэта пра самае блізкае і самае каштоўнае, што толькі можна мець. Быць беларускай — натхненьне».

Слоўнік беларускіх жанчын. За кім варта сачыць

Натхняльны праект Sojka.io, рэдакцыя сама складала свой сьпіс. Ілюстрацыю стварыла мастачка Ave.

Гэта слоўнік вядомых беларусак. У ім аповеды пра Марыну Адамовіч, Сьвятлану Алексіевіч, Кацярыну Андрэеву, Ніну Багінскую, Насту Дашкевіч, Натальлю Дуліну, Марыю Калесьнікаву, Івонку Сурвілу і многіх іншых беларусак.

«Без сумневаў, цудоўных беларускіх жанчын нашмат больш, але мы выбралі тых, за дзейнасцю і справамі якіх варта сачыць зараз жа», адзначаюць аўтаркі слоўніка.

«Пра многіх зь іх чытаць будзе ледзь не фізычна балюча — ці не палова гэтага слоўніка цяпер знаходзіцца за кратамі ў цяжкіх умовах ды інфармацыйнай ізаляцыі. І тым ня менш мы не вылучаем катэгорыі, не аддзяляем „вольных“ ад „зьняволеных“. Мы верым, што ніхто ня зломіць вольны дух беларускіх жанчын і яны выйдуць з-за кратаў раней, чым мы можам марыць. Верым таксама, што многія з гэтых прозьвішчаў (калі ня ўсе) увойдуць у падручнік па найноўшай гісторыі Беларусі, які раздадуць у школах нашым дзецям і ўнукам», пішуць аўтары слоўніка.

Жаночыя бізнэс-ініцыятывы ў Варшаве

Праект «Жаночы клюб Women Pro у Варшаве» арыентуецца на самарэалізацыю жанчын у самых розных кірунках.

«Мэта нашага клюбу — дапамагчы і падтрымаць кожную ўдзельніцу ўва ўсіх яе пачынаньнях з усіх магчымых бакоў. Таму і тэмы для сустрэчаў мы прапануем розныя», — кажа заснавальніца клюбу Марыя Мароз.

Дасьледаваньне аб пашыранасьці хатняга гвалту сярод беларускіх жанчын за апошнія 12 месяцаў

Яго зрабіла дактарантка фэмінісцкіх і гендэрных дасьледаваньняў Вікторыя Лаўрынюк. У інтэрвію Свабодзе дасьледніца патлумачыла, ад якога тыпу гвалту найбольш цярпяць беларускі ў Беларусі і за яе межамі, якія групы жанчын найбольш уразьлівыя да розных тыпаў гвалту і што рабіць ахвярам гвалту ў цяперашняй сытуацыі.

Гендэр у эпоху перамен

Адукацыйна-падтрымальны курс для беларусак, падчас якога экспэрткі расказваюць, як «фэмінізм і гендэрная тэорыя дапамагаюць знайсьці арыентыры ў актуальнай рэальнасьці і вызначыць прынцыпы для наладжваньня салідарнасьці і падтрымальных стасункаў».

Падчас інтэрактыўных заняткаў лектаркі Вольга Шпарага, Алена Агарэлышава, Юлія Міцкевіч разам з удзельніцамі курсу абмяркоўваюць такія паняцьці, як салідарнасьць, клопат і чалавечая годнасьць з гендэрнага, філязофскага і праўнага гледзішча. Курс прапаноўвае інтэрактыўныя заняткі ў гендэрнай тэорыі, уключаючы дыскусіі і дэбаты, групы падтрымкі, майстар-клясы і нефармальныя офлайн-вечарыны.

Як адзначаюць аўтаркі курсу, ён «пасуе ўсім, хто хоча адкрыць для сябе нешта новае і абмеркаваць тое, што баліць і хвалюе. Мы робім упор на жывыя зносіны, вітаем асабісты ўклад удзельніц і цэнім іх за ідэі, досьвед і разнастайнасьць поглядаў».

Youtube-канал «Жанчына хоча»

Канал стварылі і вядуць журналісткі Кацярына Пытлева і Саша Раманава. Вось як аўтаркі тлумачаць асноўную ідэю праекту:

«Чаго хоча жанчына? На гэтае пытаньне мы адказваем станоўча. Жанчына хоча. Больш за тое, яна заўсёды ведае, чаго хоча. Пра тое, як гэтага дасягнуць, зь якімі выклікамі сутыкаецца сучасная жанчына і як іх пераадольвае, мы і гаворым у нашым праекце. Натхняльныя гісторыі жанчын і дыскусіі на важныя для ўсіх нас тэмы кожны тыдзень на гэтым канале».

Канал створаны некалькі месяцаў таму, мае пакуль 840 падпісчыц/падпісчыкаў.
Выйшла ўжо 10 відэа. Сярод тэмаў — «Грошы ў жыцьці жанчыны / Карміцелька, утрыманка ці незалежная», «Сэкс падчас вайны», «Алькаголь у жыцьці жанчыны», «Як палюбіць сваё цела» ды іншыя.

Жаночае ня сорамна

Праект для жанчын у Instagram аб жаночым здароўі. Там шмат парадаў ад гінэколягаў і іншых дактароў, карысныя праграмы і боты пра жаночае здароўе.

Тэлеграм-канал BY_FEM_MIG, у якім публікуецца актуальная інфармацыя пра вакансіі, стажыроўкі, вучобу ў Нямеччыне. І не толькі для беларусак

Аўтаркі каналу — беларускі Віка Біран і Яраслава Ананка, якія цяпер жывуць у Нямеччыне. Першапачаткова яны ставілі на мэце інфармацыйную дапамогу людзям, якія хочуць пераехаць у Нямеччыну, каб яны паспрабавалі розныя іншыя магчымасьці пераезду акрамя палітычнага прытулку.

«Пазьней сфэра пашырылася, і цяпер канал чытаюць ня толькі беларускі, але і мужчыны, таксама ўкраінкі і ўкраінцы. Мы разьлічваем на больш шырокую эмігранцкую супольнасьць і дзелімся карыснай інфармацыяй, якая дапаможа знайсьці стажыроўку, працу ці атрымаць стыпэндыю » — кажа Віка Біран.

Удзел беларусак у міжнародным фэстывалі «Не вінаватая» супраць хатняга гвалту

Беларускі ладзілі імпрэзы ў Варшаве і Вільні. Пад час мерапрыемстваў арганізавалі збор сродкаў на падтрымку жанчын зь Беларусі, Армэніі і Ўкраіны, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту.

Калі мы нешта прапусьцілі, пішыце пра важныя жаночыя ініцыятывы ў камэнтарах. Мы дадамо да сьпісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG