Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас ракетнай атакі на Ўкраіну зьявілася інфармацыя пра выбухі ў акупаваным Крыме і 3 абласьцях Расеі


Пуск ракет з тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці, красавік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота.
Пуск ракет з тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці, красавік 2022 году. Ілюстрацыйнае фота.

Вядома пра шэрах выбухаў 29 сьнежня на тэрыторыі Расеі і ў акупаваным ёю Крыме.

У Джанкоі ў акупаваным Расеяй Крыме раздаваліся выбухі, паведамляе праект Радыё Свабода Крым.Реалии з спасылкай на тэлеграм-канал «Крымский ветер».

«Як паведамляюць нашы падпісчыкі, украінскія бесьпілётнікі, верагодна, атакавалі расейскую базу ў раёне вёскі Майскае і станцыі Азоўская пад Джанкоем. Гэта дубль два — першая атака была 16 жніўня, тады выбухі і пажар працягваліся амаль суткі», — гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-канала.

На гэты момант афіцыйнай рэакцыі на здарэньне як ад расейскіх уладаў Крыму і Мінабароны Расеі, так і ад украінскіх афіцыйных ведамстваў няма.

29 сьнежня ў Белгарадзкай і Бранскай абласьцях Расеі таксама адбыліся выбухі. Як заявіў кіраўнік Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў, над абласным цэнтрам працавала сыстэма СПА. Ніхто не пацярпеў.

«Адзін з фрагмэнтаў упаў на разьвязку аўтадарогі Камсамольскі-Майскі. Узьнікла ўзгараньне сухой травы, якую ўжо патушылі нашыя ратавальнікі», — заявіў Гладкоў.

Губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз заявіў пра работу сыстэмы СПА на тэрыторыі Клінцаўскага раёну. Па яго сьцьвярджэньні, у рэгіёне былі зьбітыя бесьпілётнікі.

З пачатку поўнамаштабнай вайны ў Белгарадзе некалькі разоў адбываліся выбухі, загінулі некалькі чалавек. Мясцовыя ўлады рэгулярна абвінавачваюць у абстрэлах украінскі бок, у Кіеве гэтыя абвінавачаньні не камэнтуюць.

Таксама сёньня ў Расеі заявілі пра зьнішчэньне сіламі СПА «невядомага аб’екта» каля гораду Энгельса, дзе стаяць расейскія стратэгічныя бамбавікі.

«На месца накіраваныя апэратыўныя службы. Пагрозы бясьпецы жыхароў няма», — паведаміў губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін.

Апошні раз пра выбухі на вайсковым аэрадроме ў горадзе Энгельсе, дзе базуюцца стратэгічныя бамбавікі, паведамлялася 26 сьнежня. У Мінабароны Расеі тады паведамілі, што сродкі супрацьпаветранай абароны быццам бы зьбілі на малой вышыні ўкраінскі бесьпілётнік. У выніку падзеньня яго абломкаў трое расейскіх вайскоўцаў загінулі, авіятэхніка не пацярпела, заявілі ў міністэрстве.

Прадстаўнік камандаваньня Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны Юры Ігнат пасьля заявіў, што выбухі на расейскім вайсковым аэрадроме ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці РФ — наступства расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У той жа час украінскі бок наўпрост не камэнтуе сваё дачыненьне да выбухаў у Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG