Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны хацелі дапамагчы спыніць вайну». Што вядома пра сьветлагорскіх «рэйкавых партызанаў», якія атрымалі 66 гадоў калёніі на траіх


У судзе над сьветлагорскімі партызанамі. Гомель, 27 сьнежня 2022
У судзе над сьветлагорскімі партызанамі. Гомель, 27 сьнежня 2022

Гомельскі абласны суд пакараў жыхароў Сьветлагорску, «рэйкавых партызанаў», вялікімі тэрмінамі за пашкоджаньне рэлейнай шафы на чыгунцы. Дзяніс Дзікун атрымаў 23 гады зьняволеньня, Дзьмітры Равіч — 22 гады, Алег Малчанаў — 21 год. Расказваем, што вядома пра іх крымінальную справу.

Што адбылося пад Сьветлагорскам, па вэрсіі міліцыі і суду

28 лютага 2022 году, праз чатыры дні ад пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, на чыгуначным перагоне «Жэрдзь — Астанкавічы» пад Сьветлагорскам у выніку падпалу згарэла рэлейная шафа сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня. У выніку былі выведзеныя з карыстаньня сьвятлафоры і стрэлачныя пераводы на адным з участкаў чыгункі Жлобін — Калінкавічы, якая далей ідзе ва Ўкраіну.

Неўзабаве пасьля здарэньня ў Сьветлагорску пачаліся масавыя затрыманьні і допыты. 4 сакавіка МУС заявіла, што падазраваных у падпале рэлейнай шафы затрымалі, гэта жыхары Сьветлагорску Дзяніс Дзікун, Дзьмітры Равіч і Алег Маўчанаў.

Усе яны знаёмыя між сабой і знаходзяцца ў сваяцкіх стасунках. Дзьмітрый Равіч — муж сястры Дзяніса Дзікуна. Алег Малчанаў — бацька жонкі Дзяніса Дзікуна.

Да суду затрыманыя былі ў СІЗА, працэс зрабілі закрытым. Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Сотнікаў. Жыхароў райцэнтру абвінавацілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Акт тэрарызму (частка 3 артыкула 289 КК),
  • Наўмыснае прывядзеньне ў няспраўнасьць транспартных сродкаў (частка 2 і 4 артыкула 309 КК),
  • Здрада дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК),
  • Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні (частка 3 артыкула 361-1 КК).

Праваабарончая супольнасьць прызнала ўсіх абвінавачаных па гэтай справе палітвязьнямі.

«Прысуды не паддаюцца здароваму глузду, проста д’ябальскае нешта»

Дзьмітрый, брат Дзяніса Дзікуна, браў актыўны ўдзел у падзеях

году ў Беларусі. Празь перасьлед мусіў пакінуць краіну, цяпер жыве за мяжой. Свабода пагутарыла зь ім пра брата і некаторыя абставіны справы.

Дзьмітрый расказвае, што пасьля затрыманьня Дзяніса моцна білі. Гэта відаць і на «пакаянным відэа», якое распаўсюдзілі 4 сакавіка праўладныя тэлеграм-каналы.

«Яго бачылі ў РАУС пасьля затрыманьня. Ён трымаўся за бок і кульгаў. Апроч таго, на твары відаць сьляды біцьця», — кажа Дзьмітрый Дзікун.

Дзяніс час ад часу езьдзіў на заробкі ў Расею. Стала ён жыў у Сьветлагорску, тут у яго была грамадзянская жонка. Пасьля затрыманьня Дзяніса яны расьпісаліся, ужо ў СІЗА.

За кратамі апынуўся і бацька Дзянісавай жонкі, Алег Малчанаў. Да арышту ён працаваў прадпрымальнікам.

Трэці затрыманы, Дзьмітрый Равіч, працаваў электрыкам у філіяле «Беларуснафты». Дома яго чакаюць жонка і двое дзяцей. Жонка Дзьмітрыя — гэта сястра Дзяніса Дзікуна.

«Па самой справе мы мала што ведаем, бо суд быў цалкам закрыты. Але тое, што іх абвінавацілі ў тэрарызьме і здрадзе дзяржаве — гэта проста дʼябальскае нешта. Людзі хацелі дапамагчы спыніць вайну, і гэта трактавалі як „здраду дзяржаве“. Яны не зрабілі нічога такога, каб абвінаваціць іх у тэрарызьме і здрадзе дзяржаве. На гэта няма доказаў», — лічыць Дзьмітрый Дзікун.

Ён кажа, што сям’я разумела — па такіх артыкулах будуць вялікія тэрміны. «У нас няма правасудзьдзя, гэтыя артыкулы яны проста ўзялі з галавы. Якая можа быць нармальная, адэкватная рэакцыя на такія прысуды, такія тэрміны? Як родныя могуць увогуле ўспрыняць такія тэрміны? У прысудзе няма нічога адэкватнага», — кажа брат абвінавачанага.

Дзьмітрый дадае, што ў СІЗА ягоны брат і братаў цесьць часта хварэюць.

«Але трымаюцца. Стараюцца трымацца. На фота з суду бачна, што на прысудзе яны нават усьміхаліся», — дадаў ён.

Што зь іншымі «рэйкавымі партызанамі»?

У сакавіку 2022 году тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» паведамляў, што беларускімі «рэйкавымі партызанамі» зьдзейсьнена ня менш за 10 дывэрсій на чыгунцы.

Ноччу 30 сакавіка на перагоне Савічы — Беразіна пад Бабруйскам была зьнішчаная рэлейная шафа. Па «партызанах» сілавікі адкрылі агонь з баявой зброі. Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі кадры гэтых падзей. За падпал рэлейнай шафы сілавікі затрымалі жыхароў Бабруйску Дзьмітрыя Клімава, Яўгенія Мінкевіча і Ўладзімера Аўрамцава.

22 сьнежня Менскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес прысуд жыхару Менскага раёну Віталю Мельніку. Ён атрымаў 16 гадоў зьняволеньня.

Крымінальную справу разглядаў Сьледчы камітэт, які пастанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 году на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым вывеў са строю сыстэму сыгналізацыі чыгункі. Гэта нібыта стварыла рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджаньня рухомага складу, гібелі альбо траўмаваньня людзей.

Віталю пры затрыманьні прастрэлілі калені. Дагэтуль ён перасоўваецца на мыліцах. «Пры затрыманьні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю — стрэлілі па яго ніжніх канцавінах», — паведамляла пракуратура.

Цяпер Гомельскі абласны суд разглядае ў закрытым рэжыме крымінальную справу ў дачыненьні да жыхароў Мазыра Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча. Іх вінавацяць у намерах пашкодзіць чыгунку, каб запаволіць ці спыніць рух расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну праз Мазыр.

За інцыдэнты на чыгунцы пад перасьлед таксама падпалі

і Кацярына Глебкі са Стоўпцаў, чыгуначнік Сяргей Канавалаў зь Віцебску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG