Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура заявіла, што выявіла схему схаванага подкупу мэдыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Высьветлена, што на працягу трох гадоў зь лекарамі-практыкамі заключаліся дамовы падраду, зазвычай на чытаньне лекцый, за якія яны нібыта атрымлівалі грашовую ўзнагароду. А фактычна — за рэкамэндацыі сваім пацыентам выкарыстоўваць пэўныя прэпараты.

Генэральная пракуратура выявіла схему схаванага подкупу мэдыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай іх прасоўваньня на беларускім рынку. Такая інфармацыя прагучала ў этэры тэлеканалу «Беларусь-1», паведамляе БелТА.

Сума незаконнага ўзнагароджаньня, паводле сілавікоў, фармавалася зыходзячы з колькасьці купленых мэдыкамэнтаў. Фрагмэнты ўпакоўкі з нумарам партыі і датай вырабу перадавалі работнікам прадстаўніцтва для пацьверджаньня дамоўленасьцяў. Праверка па некаторых фактах працягваецца, паколькі камэрцыйныя структуры заключылі больш за тысячу такіх пагадненьняў на суму больш як Br1,33 млн.

Паводле начальніка ўпраўленьня барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генэральнай пракуратуры Ігара Грэйбы, у адносінах да работнікаў прадстаўніцтваў замежных кампаній пачалі 9 крымінальных спраў па фактах перадачы 62 мэдыцынскім работнікам незаконных узнагароджаньняў на агульную суму больш як Br400 тыс. Размова пакуль ідзе аб замежных кампаніях, лекі якіх пастаўляліся з Румыніі і Швайцарыі.

«На жаль, прадстаўнікі замежных фармацэўтычных кампаній працавалі з нашымі лекарамі на ўсёй тэрыторыі Беларусі», — сказаў Грэйба.

Генэральная пракуратура пачала дзьве крымінальныя справы ў дачыненьні службовых асоб і работнікаў прадстаўніцтва эўрапейскай фармацэўтычнай кампаніі, якім інкрымінавалі даваньне незаконнага ўзнагароджаньня. Згодна з матэрыяламі справы, падазраваныя падкуплялі траўматолягаў Слуцкай ЦРБ і Менскай абласной клінічнай лякарні, траўматоляга-артапэда Узьдзенскай ЦРБ. Агульная сума незаконнага ўзнагароджаньня перасягнула Br24 тыс.

Генэральная пракуратура і Міністэрства аховы здароўя распрацуюць шэраг канкрэтных захадаў, накіраваных на недапушчэньне такіх фактаў у будучыні.

«Нацыянальныя кампаніі могуць удзельнічаць толькі ў канфэрэнцыях, якія праходзяць пад эгідай Міністэрства аховы здароўя. І толькі ў міжнародна-практычных канфэрэнцыях, якія праходзяць пад эгідай ВНУ і зацьверджаны Міністэрствам аховы здароўя. Усе астатнія так званыя адукацыйныя мерапрыемствы будуць забаронены. Астатнія асабістыя кантакты будуць зьведзены на нішто, пакуль мы ня выпрацуем, можа быць, нейкія новыя кодэксы сумесна з МУС і Генпракуратурай», — сказаў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG