Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд спартовай салідарнасьці зьвярнуўся ў МАК і іншыя арганізацыі з нагоды выраку Апейкіну і Герасімені


Аляксандра Герасіменя і Аляксандар Апейкін
Аляксандра Герасіменя і Аляксандар Апейкін

26 сьнежня выканаўчаму дырэктару Фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) Аляксандру Апейкіну і экс-кіраўніцы Фонду Аляксандры Герасімені вынесьлі першы ў Беларусі завочны прысуд: па 12 год зьняволеньня кожнаму.

BSSF зьвярнуўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт, 48 Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін Эўропы, а таксама ў НАК ЗША, Эўрапейскія алімпійскія камітэты з нагоды вынясеньня першага ў Беларусі завочнага прысуду Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені. Абодвум прысудзілі 12 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, у BSSF мяркуюць, што ўлады плянуюць дадаткова разгледзець пытаньне аб пазбаўленьні іх грамадзянства.

«Гэта відавочна палітычны перасьлед удзельнікаў алімпійскага руху, якія змагаюцца за правы спартоўцаў і захаваньне Алімпійскай хартыі»,— адзначае Фонд спартовай салідарнасьці.

Таксама BSSF заклікае МАК правесьці спэцыяльнае расьсьледаваньне па факце незаконных абвінавачаньняў з боку Беларускай фэдэрацыі роварнага спорту, Беларускай фэдэрацыі хакею і Беларускай фэдэрацыі сучаснага пяцібор’я ў сувязі з адкліканьнем зь Беларусі такіх спартыўных спаборніцтваў, як Чэмпіянат сьвету па хакеі-2021, Чэмпіянат сьвету UIPM-2021 па пяціборʼі і лазэр-рану і Чэмпіянат Эўропы па велатрэку-2021.

Першы завочны вырак

26 сьнежня Апейкіна і Герасіменю абвінавацілі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) і прысудзілі ім максымальны тэрмін, прадугледжаны гэтым артыкулам, — 12 гадоў зьняволеньня кожнаму.

У Герасімені ў кошт грамадзянскага пазову арыштавалі грошы на банкаўскіх рахунках (больш за 48 тысяч даляраў), аўтамабіль Land Rover, мабільныя тэлефоны «Айфон» і «Самсунг», кватэру, машынамесца, халадзільнік, акустычную сыстэму і іншую маёмасьць.

Увесну гэтага году ўлады прызналі БФСС экстрэмісцкай арганізацыяй. Апейкін і Герасіменя — у ліку заснавальнікаў фонду. Апейкін працуе выканаўчым дырэктарам БФСС і сёньня, а Герасіменя сёлета праз рознагалосьсі пакінула арганізацыю.

Абвінавачваньне настойвала на тым, што Герасіменя і Апейкін заклікалі дзяржавы і міжнародныя арганізацыі ўвесьці санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, перанесьці зь Менску хакейны чэмпіянат сьвету і адмовіцца яго спансаваць. Іх дзеяньні, паводле абвінавачваньня, паспрыялі скасаваньню шэрагу спартовых мерапрыемстваў і прычынілі шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльных сфэрах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG