Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля 2020 году беларусы ня ведаюць, як удзельнічаць у пабудове сваёй краіны». Расказваем пра новы праект «Беларускія магістраты»


Шыльда закрытай у Менску кнігарні «Кнігаўка». «Кнігаўка» стала праектам у «Беларускіх магістратах»
Шыльда закрытай у Менску кнігарні «Кнігаўка». «Кнігаўка» стала праектам у «Беларускіх магістратах»

Беларуская рада культуры стварыла праект «Беларускія магістраты», дзе можна падтрымаць актыўных беларусаў.

Ідэя праекту паўстала пасьля назіраньня за культурнымі падзеямі беларусаў Польшчы. Праблема была ў тым, кажа кіраўнік праекту «Магістраты» Цімафей Акудовіч, што культурныя праекты, арганізаваныя беларусамі за мяжой, часта пабудаваныя на імпэце некалькіх зацікаўленых асобаў.

«Чалавек проста адчувае, што ён можа нешта добрае зрабіць, ідзе і робіць адзін. Гэта такая крыху старая беларуская НДА-сыстэма. Я падумаў, што ў нашай сытуацыі трэба дзейнічаць больш арганізавана, што добрая ідэя мусіць быць падтрыманая вялікай колькасьцю беларусаў, каб яна разьвівалася ня проста як нечае прыватнае жаданьне сябе рэалізаваць, а як патрэбная ўсяму грамадзтву ініцыятыва, у якую грамадзтва мусіць укладацца, у тым ліку фінансава, што прасьцей за ўсё», — кажа Цімафей Акудовіч.

Цімафей Акудовіч
Цімафей Акудовіч

«Магістрат» — гэта аб’яднаньне беларусаў вакол карысных, найперш культурніцкіх ідэй. Першы створаны магістрат — падтрымка выдавецтва «Кнігаўка». Мэханізм дзеяньня магістрату залежыць ад ідэі праекту, які будуць падтрымліваць.

«Мы ўзялі максымальна простую ідэю з ужо вядомым, дасьведчаным мэнэджарам, якому ў кніжным сьвеце ўсе давяраюць. Гэта Андрэй Янушкевіч і ягоны праект «Кнігаўка». Тут мэханізм будзе максымальна падобны на сыстэму ахвяраваньняў, данатаў. Спадар Андрэй прапісаў тое, што ён хоча бачыць праз паўгода ў выніку гэтай падтрымкі. Значыць, ёсьць плян, дарожная мапа і цягам паўгода людзі, якія падпісаліся на магістрат, будуць ахвяраваць па 10 даляраў на месяц, у іх аўтаматычна яны будуць сьпісвацца з карткі на разьвіцьцё «Кнігаўкі», — тлумачыць Акудовіч.

Праз паўгода стваральнікі магістрату падвядуць вынікі. Прааналізуюць, на колькі атрымалася дзякуючы грашам актывізаваць разьвіцьцё кніжнага праекту.

«Удзельнікі магістрату будуць мець бонусы-падзякі ад кнігаўкі: 10% зьніжка на пэрыяд дзеяньня магістрату на кнігі, якія зараз выходзяць, таксама ўдзел у штомесячных стрымах са спадаром Андрэем, дзе мы будзем расказваць, што зроблена і што плянуецца. Для тых, хто падтрымае больш як 10 далярамі, ёсьць дадатковыя эксклюзіўныя прэзэнты ад „Кнігаўкі“».

«Магчымасьць ня проста данаціць, а сьвядома ўкладацца ў той ці іншы праект»

Па дадзеных на вечар 25 сьнежня, падтрымаць «Кнігаўку» падпісаліся 150 чалавек. Ініцыятыва экспэрымэнтальная, таму можна зьвяртацца са сваімі праектамі, але выбіраць іх будуць асьцярожна.

«Мы ня зможам па пяць магістратаў на месяц запускаць. Калі ў кагосьці ёсьць бачаньне, што іх праект мае шанец маштабавацца, стаць вялікім і карысным для беларускай супольнасьці, то можна пісаць і зьвяртацца. Калі ініцыятар гэтага праекту можа адказваць за тое, што ён будзе рабіць, у яго ёсьць досьвед», — кажа Цімафей.

Акудовіч абяцае, што лягістыка будзе разьвівацца так, каб можна было слаць кнігі выдавецтва ва ўсе краіны сьвету.

«Мне здаецца, пасьля 2020-га году процьма беларусаў ня ведаюць, якім чынам яны могуць удзельнічаць у пабудове сваёй краіны, сваёй супольнасьці. І сыстэма магістратаў — гэта і ёсьць адзін з самых простых варыянтаў удзелу грамадзяніна ў жыцьці сваёй краіны, толькі такога практычнага. Думаю, што гэта вельмі клясны інструмэнт для людзей, каб удзельнічаць у разьвіцьці Беларусі. А для Беларусі — гэта клясная магчымасьць у пэрспэктыве арганізоўваць досыць складаныя праекты, шматузроўневыя».

Зараз у межах магістратаў дапрацоўваюць мэханізмы, каб усім было камфортна працаваць і камунікаваць.

«Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто далучыўся. Мы разьлічвалі на падтрымку, але 150 чалавек — гэта вельмі добра. Нам хацелася, каб людзям было цікава дайсьці з намі да канца магістрату, падвесьці вынікі, і для гэтага вельмі важна цяпер дапрацаваць усе ўнутраныя мэханікі. Мы пачынаем прыглядацца да нейкіх наступных магчымых праектаў. Таму зацікаўленыя могуць нам пісаць на электронны адрас, ён ёсьць на сайце праекту. Мы зь цікавасьцю разгледзім розныя прапановы», — кажа кіраўнік праекту Цімафей Акудовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG